Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісцкія арганізацыі Ўкраіны выступілі ў падтрымку фігурантаў «справы БелТА»


Сьледчы камітэт у Менску
Сьледчы камітэт у Менску

4 буйныя мэдыйныя арганізацыі Ўкраіны заклікалі ўлады Беларусі спыніць ціск на незалежныя СМІ.

Чатыры найбуйнейшыя ва Ўкраіне мэдыйныя грамадзкія арганізацыі (Інтэрньюз-Украіна, «Дэтэктар мэдыя», Інстытут масавай інфармацыі ды Інстытут разьвіцьця рэгіянальнай прэсы) заклікалі ўлады Беларусі спыніць ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі і стварыць магчымасьці свабоднага функцыянаваньня інтэрнэт-выданьняў.

«Мы заклікаем беларускія ўлады зьняць абвінавачаньні з Марыны Золатавай і іншых журналістаў, бо перакананыя, што гэты прэцэдэнт ставіць пад пагрозу свабоднае разьвіцьцё журналістыкі ў Беларусі», — гаворыцца ў супольнай адмысловай заяве мэдыйных арганізацый Украіны.

Адначасова ўкраінскія журналісты віталі рашэньне вызваліць ад крымінальнай адказнасьці двух фігурантаў справы — уласнага карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўлюка Быкоўскага і рэдактара парталу Realt.by Уладзіслава Кулецкага.

«Мы перакананыя, што Беларусь імкнецца стаць паўнавартаснай эўрапейскай краінай, дзе павага да свабоды слова зьяўляецца прынцыповай каштоўнасьцю, а функцыянаваньне незалежных СМІ — гарантыяй дэмакратычнага разьвіцьця краіны», — гаворыцца ў заяве.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG