Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка заявіў, што Беларусь ня ставіць за мэту ні сяброўства, ні пэрспэктыву сяброўства ў ЭЗ.
Пра гэта ён заявіў 22 лістапада на Менскім форуме.
«Беларусь зацікаўлена ў партнэрстве з ЭЗ. Пры гэтым мы ня ставім мэтай ні сяброўства, ні пэрспэктыву сяброўства ў ЭЗ. Мы таксама ня просім пра нейкае прэфэрэнцыйнае стаўленьне. Мэта — забесьпячэньне трывалых, устойлівых прадказальных, суседзкіх адносінаў — пажадана для абодвух бакоў».
Паводле Алега Краўчанкі, асаблівае значэньне ў гэтым пляне мае ініцыятыва ЭЗ «Ўсходняе партнэрства». А цэнтральным элемэнтам намаганьняў павінна стаць заключэньне пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве.
«Мы працягваем працу над праектам прыярытэтаў партнэрства, хоць яна ідзе ня так проста, як нам хацелася б. Мы рэальна наблізіліся да магчымасьці падпісаньня пагадненьня аб рэадмісіі і спрашчэньні візавых фармальнасьцяў. І я спадзяюся, што гэты пакет ня трапіць у такую сытуацыю, якая на гэты момант склалася з праектам прыярытэтаў партнэрства».
Алег Краўчанка сказаў, што ў дачыненьнях з ЭЗ захоўваюцца рознагалосьсі.
«Мы вядзём шчыры дыялёг пра адпаведныя складаныя пытаньні як у фармаце РБ-ЭЗ так і з краінамі-ўдзельніцамі ЭЗ. Гэтыя пытаньні важныя. Я ўпэўнены, што ўсе нашы рознагалосьсі з часам будуць вырашаныя. Таму я прапаную, працягваючы важны дыялёг у гэтых пытаньнях, ужо цяпер супольна пачаць працу над стратэгіяй нашых дачыненьняў, наша суседзтва, партнэрства».
Паводле Краўчанкі, імкненьне да мэтаў дазволіць больш эфэктыўна ўзаемадзейнічаць па цяжкасьцях, якія «па сутнасьці маюць часовы характар, але дамінуюць у нашых дачыненьнях, паглынаюць львіную частку нашай энэргіі і перашкаджаюць разьвіцьцю гэтых дачыненьняў».