Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы зададзім пытаньне, якой Беларусь бачыць сябе ў Эўропе, — старшыня Менскага форуму Райнэр Лінднэр


На «Менскім форуме»
На «Менскім форуме»

З 22 па 24 лістапада ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў праходзіць XVI Менскі форум «Беларусь і Эўразьвяз — будучыня партнэрства: дыялёг, разьвіцьцё, дыгіталізацыя».

У ім бяруць удзел звыш 320 прадстаўнікоў больш як 20 краін, сказаў журналістам старшыня Менскага форуму, кіраўнік Нямецка-беларускага таварыства (Бэрлін) Райнэр Лінднэр.

«Мы чакаем акрэдытаваных у Беларусі амбасадараў, а таксама многа важных прадстаўнікоў германскай, беларускай і эўрапейскай палітыкі, — сказаў Райнэр Лінднэр. — Таксама намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанку, каардынатара ўраду ФРГ па міжграмадзкім супрацоўніцтве з Расеяй, Цэнтральнай Азіяй і краінамі „Ўсходняга партнэрства“, дэпутата бундэстагу Дзірка Візэ, упаўнаважанага па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі ў МЗС Нямеччыны амбасадара Міхаэля Зыбэрта і дырэктара па Ўсходняй Эўропе і ўпаўнаважанага міністра замежных спраў Польшчы па „Ўсходнім партнэрстве“, амбасадара Яна Гофмакля».

Райнэр Лінднэр адзначыў, што ўдзел прадстаўніка Польшчы — «гэта важны сыгнал эўрапейскага характару мерапрыемства і важнага акцэнту на канцэпцыі „Ўсходняга партнэрства“».

«Мы пашлём важны сыгнал у бок Брусэлю, што Беларусь зацікаўленая ў супрацоўніцтве і ва „Ўсходнім партнэрстве“. Я думаю, нам удасца гэта выразна паказаць», — сказаў Райнэр Лінднэр.

Пэтэр Дэтмар , архіўнае фота
Пэтэр Дэтмар , архіўнае фота

Паводле амбасадара Нямеччыны Пэтэра Дэтмара, Менскі форум, які існуе ўжо 21 год, — гэта важная плятформа для дыялёгу паміж грамадзтвамі Беларусі і Нямеччыны, ён дапамагае прааналізаваць стан беларуска-нямецкіх дачыненьняў.

«Калі я прааналізую гэтыя 12 месяцаў у плоскасьці нашых двухбаковых дачыненьняў, то магу з задавальненьнем канстатаваць, што мы знаходзімся на вельмі добрым шляху».

Паводле амбасадара, дыскусіі на Менскім форуме будуць «яшчэ адным будаўнічым каменем для інтэнсыфікацыі і ўмацаваньня нашых двухбаковых дачыненьняў».

Паводле амбасадара, за апошнія 12 месяцаў вырас узровень двухбаковых візытаў і ў самых розных сфэрах паміж Беларусьсю і Нямеччынай «расьце давер».

«І гэта станоўчая перадумова для разьвіцьця ў будучым».

Паводле амбасадара, важна і тое, як разьвіваецца сытуацыя ў сфэры эканомікі.

«Асабіста я ня памятаю іншага году, калі б было столькі прамых інвэстыцый сюды. І лічу гэта добрым знакам».

Паводле Райнэра Лінднэра, падчас дыскусій на Менскім форуме будуць ставіцца пытаньні пра тое, як зьмяняецца ўнутрыпалітычная культура ў Беларусі, якія адбываюцца зьмены, калі краіна пазыцыянуе сябе як сучаснае грамадзтва.

«У канцы нашага форуму мы зададзім Беларусі пытаньне, як краіна бачыць сябе цяпер, як яна будзе разьвівацца і якой яна бачыць сябе ў Эўропе ў бліжэйшыя гады», — сказаў журналістам Райнэр Лінднэр.

Амбасадар Нямеччыны згадаў, сярод іншага, пра сёлетні візыт прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера ў Беларусь на запрашэньне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў зьвязку з адкрыцьцём другой часткі мэмарыялу ва ўрочышчы Благаўшчына.

«У сваёй прамове прэзыдэнт Нямеччыны падкрэсьліў, што цяпер самы час зрабіць Беларусь больш бачнай у Эўропе, каб яна мацней была ў фокусе ўвагі ў Эўропе. Я думаю, што Менскі форум ужо цягам многіх гадоў ёсьць добрай магчымасьцю для гэтага».

Папярэдні «Менскі форум» адбыўся ў лістападзе 2017 году. У ім упершыню ўзяў удзел міністар замежных спраў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль.

Менскі форум быў заснаваны ў лістападзе 1997 году Райнэрам Лінднэрам і кіраўніком аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанідам Заікам.

Сёлетні Менскі форум падрыхтаваны Нямецка-беларускім таварыствам у партнэрстве з Фондам імя Конрада Адэнаўэра (KAS), Фондам імя Фрыдрыха Эбэрта (FES), Фондам нямецка-польскага супрацоўніцтва, Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёганэса Раў (IBB) і Офісам эўрапейскай экспэртызы і камунікацый. Яго правядзеньне падтрымала Міністэрства замежных спраў Нямеччыны.

Пасьля разгону дэманстрацыі пратэсту ў Менску 19 сьнежня 2010 году і масавых арыштаў арганізатары Менскага форуму адмовіліся яго праводзіць. Цягам пяці гадоў, з 2011 па 2015, Менскага форуму не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG