Журналістка парталу Tut.by Ульяна Бабаед паведаміла ў Фэйсбуку пра званок сьледчага са Сьледчага камітэту з патрабаваньнем стаць на ўлік у міліцыі. Журналістка зьдзівілася: хіба ставяць на ўлік да прыгавору суду? Свабода запыталася ў журналісткі, пра які менавіта ўлік ідзе гаворка.
«Таксама цікавілася, што за ўлік такі, бо ведаю, што звычайна ставяць на ўлік ужо асуджаных. Сьледчы ўдакладніў, што ў райаддзеле міліцыі трэба паставіцца на ўлік „падазраваных і абвінавачаных“. І дадаў, што калі не прыйду сама, дык даставяць у міліцыю прымусова», — сказала Свабодзе Ўльяна Бабаед.
Кіраўнік прэсавай службы Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч даў такі камэнтар да зьвестак пра патрабаваньне, каб фігурантка «справы БелТА» Ўльяна Бабаед стала ў міліцыі на ўлік «падазраваных і абвінавачаных».
«Калі гэтак абазначыў сьледчы, што гэта неабходна, значыць, неабходна. Асабіста я ў гэтым нічога ня бачу. Чалавеку, пра якога ідзе гаворка, усё было патлумачана», — сказаў Сяргей Кабаковіч.
Што думаюць пра сытуацыю праваабаронцы? Ці не парушае патрабаваньне стаць на ўлік у міліцыі правы чалавека, які не асуджаны, а толькі пад сьледзтвам?
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка мяркуе, што ставіць на ўлік у міліцыі чалавека, адносна якога яшчэ не прынятая пастанова суду ці іншае працэсуальнае рашэньне, — гэта фармальна не супярэчыць беларускаму заканадаўству, але па сутнасьці абмяжоўвае правы такога чалавека.
«Бо што такое ўлік? Фактычна гэта пэўныя абмежаваньні правоў асобы, гэта абавязак браць удзел у пэўных прафіляктычных захадах. А калі чалавек адмовіцца ці ня выканае нейкага з гэтых патрабаваньняў, дык яго могуць абвінаваціць у непадпарадкаваньні службовай асобе — а гэта новае злачынства. Між тым чалавек не прызнаны судом вінаватым. Дык чаму яго трэба абмяжоўваць у правах ды ставіць пад рызыку новага перасьледу?»
Каго дазволена ставіць на прафіляктычны ўлік у міліцыі, вызначана ў законе «Аб асновах дзейнасьці па прафіляктыцы правапарушэньняў». Паводле Паўла Сапелкі, у законе няма азначэньня «падазраваныя і абвінавачаныя», але спэктар «надзвычай шырокі і няпэўны».
«Вось глядзіце, якая фармулёўка ў артыкуле 28 наконт прафіляктычнага ўліку. На яго можна паставіць „грамадзяніна, адносна якога атрыманыя зьвесткі пра зьдзяйсьненьне дзеяньняў, якія могуць стварыць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, нанесьці шкоду дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам, правам, свабодам і законным інтарэсам іншых грамадзян ці прывесьці да зьдзяйсьненьня злачынства“. Гэта значыць, што можна вельмі шырока трактаваць учынкі людзей і ставіць іх на ўлік, у тым ліку на падставе нейкіх нявызначаных зьвестак, яшчэ да суду, што і ёсьць парушэньнем іх правоў», — мяркуе праваабаронца Павал Сапелка.
Паводле БелаПАН, у міліцыю выклікалі мінімум чатырох абвінавачаных па справе. Прычын пастаноўкі на ўлік ім не патлумачылі, але адзначылі, што ў выпадку няяўкі іх могуць даставіць у органы ўнутраных спраў прымусова.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.