11 лістапада цана аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі павялічыцца на 1 капейку «з мэтай далейшай кампэнсацыі для НПЗ росту выдаткаў на набыцьцё нафты», паведамляе канцэрн «Белнафтахім».
Цана бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складзе 1,41 рубля, АІ-95-К5-Эўра — 1,50 рубля, АІ-98-К5-Эўра — 1,71 рубля, дызэльнага паліва — 1,50 рубля.
Заўтрашняе падаражаньне паліва стане 23-м зьмяненьнем цэн на яго ў 2018 годзе. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 28 кастрычніка.
Намесьнік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка заявіў 6 лістапада журналістам, што пры сёньняшнім кошце нафты 72 даляры за барэль справядлівая цана за літр бэнзіну АІ-92 — 77 цэнтаў.
Адказваючы на пытаньне аб паліве, якое, прыбаўляючы ў цане па капейцы, падаражэла ў жніўні—кастрычніку на 12 капеек, Ляшэнка сказаў: «У даляравым эквіваленце падаражаньне склала адзін цэнт. Пры сёньняшнім кошце барэлю ў 72 даляры справядлівая цана за літар АІ-92 — 77 цэнтаў. Калі барэль будзе стабільны, павышэньне цаны на паліва на адну капейку будзе працягнута».
Канцэрн «Белнафтахім» заяўляў, што «папярэднія зьмены цэнаў не кампэнсавалі для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў апераджальны рост цэнаў на нафту ў параўнаньні з цэнамі на нафтапрадукты», паведамляе БелаПАН.
Найбліжэйшым часам «Белнафтахім» мае намер прытрымлівацца «стрыманай пазыцыі ў зьмене цэнаў на паліва», заявіў журналістам 20 верасьня ў Менску намесьнік старшыні канцэрну Ўладзімер Сізоў. «Усе павінны разумець, што мы абмяжоўваем павышэньне цаны сацыяльнымі фактарамі», — дадаў ён.
Акрамя таго, адзначыў Сізоў, у канцэрне сочаць за дынамікай цэнаў на нафту, курсам рубля і зьменаю падатковага заканадаўства ў Расеі. «У залежнасьці ад гэтых фактараў будзе прымацца рашэньне аб далейшым павышэньні цэнаў», — сказаў ён.