Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў 12 кастрычніка, што пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі павялічацца ў 2019 годзе на 10% да ўзроўню 2017 году.
Паводле Ляшэнкі, беларускі бок «гэта задавальняе для забесьпячэньня загрузкі магутнасьцяў і вытворчасьці прадукцыі зь неабходнымі тэмпамі ВУП».
Такая заява прагучала пасьля таго, як стала вядома, што Расея ўводзіць забарону на экспарт шэрагу нафтапрадуктаў у Беларусь да канца 2019 году
11 траўня кіраўнік расейскага Міністэрства энэргетыкі Аляксандр Новак заявіў, што Расея ня будзе пастаўляць Беларусі бэнзін, дызэль і мазут зь лістапада 2018 году да канца 2019-га. Гэта абумоўлена падпісаным раней індыкатыўным балянсам на пастаўкі нафтапрадуктаў да канца 2019 году.
«Што тычыцца аўтабэнзіну, дызэльнага паліва, мазуту — у індыкатыўныя балянсе прадугледжаны нулявыя паказчыкі», — сказаў расейскі міністар.
Дысананс у заявах прадстаўнікоў Беларусі і Расеі карэспандэнту Свабоды патлумачылі ў прэс-службе Міністэрства энэргетыкі Расеі.
«Беларускі віцэ-прэмʼер кажа пра ўсе нафтапрадукты. Па бэнзіне, дызелі і мазуце прадугледжаны нулявыя паказчыкі ў індыкатыўным балянсе. Але для агульнага складу нафтапрадуктаў, дзе могуць быць і іншыя, там насамрэч можа быць плюс. Але па цёмных,напрыклад,ідзе нуль».
У расейскім міністэрстве зноў спаслаліся на ранейшую заяву Аляксандра Новака.
Забарону на пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь у канцэрне «Белнатфахім» пакуль не камэнтуюць.
Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзіслаў Сычэвіч таксама не пракамэнтаваў сытуацыю.