Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўдар па носе». Чаму дзяржаўныя органы больш не карыстаюцца інтэрнэт-паслугамі кампаніі Зісера


У офісе хостынг-правайдэра Hoster.by
У офісе хостынг-правайдэра Hoster.by

У ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) пракамэнтавалі Свабодзе рашэньне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце выключыць кампанію Юрыя Зісера зь пераліку пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг дзяржаўным органам і арганізацыям, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасьці зьвесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты.

«Гэта хутчэй удар па носе»

Старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «Надзейныя праграмы» Юры Зісер ня лічыць гэта моцным ударам па кампаніі.

Юры Зісер
Юры Зісер

​«Мы вельмі мала страцім у грашах, бо гэтыя кліенты цяжкія, выдаткі вялікія на абаронены гостынг, а цэны ў нас ніжэйшыя за іншых. Таму я ня ўпэўнены, што мы наагул нешта страцім. Таму гэты ўдар па носе трэба ацэньваць у кантэксьце таго, што апошнім часам адбываецца вакол мяне і Tut.by», — сказаў заснавальнік найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-партала.

Паводле Зісера, наступ на іхнюю паслугу «Абаронены гостынг» ідзе даўно. Яшчэ ў мінулым годзе многім кліентам кампаніі разаслалі лісты, каб яны пераходзілі на паслугі Белтэлекама ці beCloud.

Проста выключылі, і ўсё. Без тлумачэньняў

«Нехта перайшоў, а нехта не захацеў, бо нашы паслугі лепшыя і да іх прызвычаіліся. Потым летам мэнэджары beCloud пачалі тэлефанаваць нашым кліентам і прапаноўвалі перайсьці да іх, бо ў нас хутка адбяруць паслугу абароненага гостынгу, выключаць са сьпісу. Кліенты на гэта не паддаліся. А цяпер ужо выйшаў гэты загад, нас ніхто не папярэджваў, ніякіх абвінавачваньняў не было. Проста выключылі, і ўсё. Без тлумачэньняў».

Каб гарантаваць бясьпеку, захаваньне дзяржаўных таямніцаў, кампанія «Надзейныя праграмы» мусіла набыць адмысловае праграмнае забесьпячэньне і спэцыяльнае, даволі дарагое абсталяваньне.

Ці парушае цяперашняе рашэньне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце нейкім чынам свабоду вядзеньня бізнэсу?

«Безумоўна. Калі нехта зь віцэ-прэм’ераў казаў, што ўладам ня трэба кашмарыць бізнэс, што ўсе формы ўласнасьці аднолькавыя, то гэта наглядны прыклад адваротнага. Бо ў сьпісе засталіся амаль усе дзяржаўныя і дзьве невялікія прыватныя кампаніі, якія я ня ўпэўнены, што наагул аказваюць такія паслугі. Фактычна гэтае карэктаваньне сьпісу вядзе да манаполіі дзяржавы», — сказаў карэспандэнту Свабоды Юры Зісер.

Старшыня агульнага сходу акцыянэраў ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) Юры Зісер — таксама заснавальнік сайту Tut.by. У жніўні ў офісе Tut.by адбыліся ператрусы, зьвязаныя са «справай БелТА». А некалькі дзён таму стала вядома, што чатыром супрацоўнікам Tut.by выстаўленыя абвінавачаньні ў гэтай справе — за незаконны доступ да кампутарнай інфармацыі.

«Для нас гэта іміджавая шкода, але не фінансавая»

Генэральны дырэктар ТАА «Надзейныя праграмы» Сяргей Павалішаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што кампанія аказвала такія паслугі з 2010 году.

Раней у кампаніі было 300–400 кліентаў. На пачатак лістапада засталося каля сотні. У сьнежні 2017 году частка кліентаў на ўмовах канфідэнцыйнасьці паведамілі «Надзейным праграмам», што атрымалі ад вышэйшых органаў прадпісаньне — цягам двух тыдняў перанесьці сайты на іншыя пляцоўкі.

Аб прадпісаньні мы даведаліся ад разгубленых кліентаў, якія зьвярталіся да нас па тлумачэньні

«Як тады, так і цяпер для нас гэта было нечаканасьцю. Аб прадпісаньні мы даведаліся ад разгубленых кліентаў, якія зьвярталіся да нас па тлумачэньні. Аб прычынах цяперашняга рашэньня ААЦ можна толькі здагадвацца», — сказаў генэральны дырэктар ТАА «Надзейныя праграмы».

Паводле Павалішава, абсалютную бальшыню кліентаў гэтае рашэньне не закранае. Але такія дзеяньні парушаюць раўнапраўе суб’ектаў гаспадараньня.

«Для нас гэта іміджавая шкода, але не фінансавая. Самі паслугі дзяржорганам і арганізацыям не прыносяць у нашым бізнэсе істотнага прыбытку. Наша кампанія зьяўляецца найбуйнейшым у Беларусі гостынг-правайдэрам. Ад паслугі „абаронены гостынг“ мы не адмаўляемся, а будзем разьвіваць і прапаноўваць яе не для дзяржорганаў, якія маюць доступ да дзяржтаямніц і дзяржсакрэтаў, а для ўсіх ахвотных — у тым ліку для бізнэсу. І ў гэтым мы бачым патэнцыял і прагназуем попыт на такія паслугі».

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG