Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як старшыня Сьледчага камітэту дарыў дарогу за $660 тысяч. Беларуская народная казка


Старшыня Сьледчага камітэту адкрыў адрэзак дарогі побач з роднай вёскай на Палесьсі. Граў гармонік, танцавалі дзеткі, Івану Наскевічу дзякавалі і дарылі букеты. Толькі невядома за што.

Таямніцу палішынэля не раскрыў і рэпартаж з фатаздымкамі на сайце Сьледчага камітэту. Зь яго вынікае, што нармальнай дарогі ў жыхароў Церабліч на Століншчыне не было прынамсі ад ІІ усясьветнай вайны. Падвялі і камуністы, якія ў сераду будуць расьпінацца пра свае заслугі перад гісторыяй. За савецкім часам па малако ў Церэблічы прыяжджалі на гусенічных трактарах. Таму непадробная радасьць на тварах людзей — ня дзіва. Для іх гэта як казка. Моцна дзівіць прысутнасьць на шасьці здымках зь дзесяці героя гэтай казкі — старшыні Сьледчага камітэту.

Дзеці дораць кветкі Івану Наскевічу
Дзеці дораць кветкі Івану Наскевічу

Можа, ён быў там у рамках прафэсійных абавязкаў? Здаецца, нікога не затрымалі. Спансараваў гэтыя 4,6 км? Ды не, напісалі б. Да таго ж рамонт каштаваў $660 тысяч. Наўрад ці афіцыйны заробак нават беларускага чыноўніка такое дазваляе. Можа, Іван Філіпавіч уласнаручна кіраваў катком, які ўкладаў асфальт? Тады чаму на на шыльдзе напісана, што дарогу абслугоўвае Столінскае ДРБУ-141, а не СК?

Алею ў агонь інтрыгі падліў і сам спадар Наскевіч.

— Мы і раней не плянавалі спыніцца толькі на аднаўленьні гэтай дарогі, працуем далей. Зараз ёсьць дамоўленасьць зь мясцовымі органамі ўлады аб рэканструкцыі чарговага ўчастка мясцовай аўтадарогі, — кажа Наскевіч.

Замовіў слова ў вярхах? Чаму тады хаваюць гэты цудоўны мэханізм ад грамадзян? Гэта прэмія за фантастычныя вынікі працы СК? Калі такія сумы на рамонт няцэлых пяці кілямэтраў можна выдзяляць у рамках Году малой радзімы высокапастаўленым чыноўнікам на іх родныя вёскі і мястэчкі, то ў каго гэтыя грошы забіраюць? У вёсак, дзе няма сваіх Наскевічаў? А што рабіць жыхарам тых мясцовасьцяў, якія ня маюць сваіх землякоў ва ўрадзе? Езьдзіць па гравейцы, як і пры немцах, ці эміграваць у Цераблічы?

Тое, што ў Беларусі, у параўнаньні нават з заходнімі суседзямі, някепскія дарогі, мы ведаем ужо дзясяткі гадоў. Але цяпер гэта яшчэ і заслуга старшыні Сьледчага камітэту.

А значыць, будуць новыя танцы, падзякі і кветкі. І будуць новыя фатаздымкі Івана Філіпавіча, які дорыць малой радзіме кавалак аўтадарогі, пабудаваны коштам і працай саміх жа жыхароў Століншчыны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG