Два фільмы з удзелам беларускіх творцаў прайшлі кваліфікацыю на прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы дакумэнтальны фільм». У кастрычніку ў «доўгі сьпіс» прэтэндэнтаў на «Найлепшы фільм на замежнай мове» афіцыйна ўключылі беларускую стужку «Крышталь» рэжысэркі Дар’і Жук.
Кваліфікацыя ня роўная намінацыі на Оскар, гэта толькі першы этап адбору. Пасьля фільмы адбіраюцца ў «доўгі», пасьля ў «кароткі» сьпіс (гэта і ёсьць намінацыя), затым вызначаюцца пераможцы. Для кваліфікаваньня дастаткова атрымаць узнагароду на фэстывалях, вызначаных Амэрыканскай кінаакадэміяй, ці аддаць фільм для паказаў у амэрыканскіх кінатэатрах.
Беларуска Воля Чайкоўская прадусавала дакумэнтальны фільм «Дарога» расейскага рэжысэра Дзьмітрыя Калашнікава. Стужка выйшла у 2016 годзе і мае адзнаку 6,4/10 на IMDB.
Дызайнэр візуальных эфэктаў Аляксей Церахаў працаваў зь фільмам «Дочкі сэксуальнай рэвалюцыі». Стужка мае адзнаку 8,3/10 на IMDB.
«Оскары» — прызы Амэрыканскай кінаакадэміі — у 91-ы раз уручаць 24 лютага 2019 году. Канчатковы сьпіс галоўных прэтэндэнтаў на прэмію маюць назваць 22 студзеня.
Сёлета «Крышталь» Дар'і Жук стаў першым за два дзясяткі гадоў беларускім фільмам, які вылучылі для намінацыі на амэрыканскую кінапрэмію.