Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымала ўкраінскага выдаўца, які прыехаў на форум у Менск


Мікола Балабан у Менску 25 кастрычніка 2018
Мікола Балабан у Менску 25 кастрычніка 2018

Пасьля затрыманьня ў менскім гатэлі кіеўскага мэнэджара па продажу рэклямы і юрыста Міколу Балабана адвезьлі ў пастарунак, а пазьней адпусьцілі. На Форум мэдыямэнэджмэнту і ІТ у Менску ён прыйшоў каля 12-й гадзіны дня.

Пра начное затрыманьне і паездку ў пастарунак Мікола Балабан сам паведаміў журналісту Свабоды. Ад іншых камэнтароў ён адмовіўся. Арганізатары мэдыяфоруму назвалі гэты выпадак непаразуменьнем.

Балабана забралі з гатэлю ІВВ а 5-ай раніцы, пратрымалі ў міліцыі недзе да 11 гадзінаў, пыталіся, як завуць, хто ён. Ен паведаміў пра затрыманьне арганізатарам канфэрэнцыі, тыя займаліся пытаньнем вызваленьня.

Мікола Балабан зьяўляецца заснавальнікам кіеўскай Студыі натыўнай рэклямы ZDATNI. Сваю прафэсійную кар’еру ён пачаў у 2007 годзе — адразу пасьля таго, як пакінуў пасаду юрыста ў Міністэрстве прамысловай палітыкі Ўкраіны. З 2011 году супольна з Look At Media на ўкраінскім рынку выдаюць «The Village Киев». Студыя рэалізавала натыўныя праекты для VW, сеткавай крамы «Сільпо», Hennessy, UPD ды іншых.

Ва ўкраінскай мэдыяпрасторы ёсьць яшчэ адзін Мікола Балабан — сябра рэдакцыйнай калегіі валянтэрскай інтэрнэт-супольнасьці InformNapalm, якая супрацьстаіць расейскай прапагандзе што да ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне.

У менскай міліцыі выпадак пакуль не камэнтуюць.

Напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Парашэнкам

Сёньня ў Гомлі пачынаецца першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. У яго рамках адбудзецца і першая сёлета сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі. Кантакты на найвышэйшым узроўні замарудзіў «шпіёнскі» скандал 2017–2018 гадоў, калі спачатку ва Ўкраіне, а потым у Беларусі спэцыяльныя службы арыштавалі беларуса Юрыя Палітыку і ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку праз падазрэньне ў шпіянажы. Скандал дагэтуль не завершаны.

У Беларусі не ўпершыню раптоўна затрымліваюць украінцаў

Гэта ня першы выпадак, калі беларуская міліцыя раптоўна ўрываецца ў гатэлі і затрымлівае ўкраінцаў.

1 лютага 2017 году міліцыя затрымала журналіста Грамадзкага тэлебачаньня Данбасу Віталя Сізова. А 02.45 па менскім часе часе ў нумар гатэля, дзе спынілася здымачная група, увайшлі беларускія міліцыянты і сілай забралі Сізова ў Цэнтральную раённую ўправу міліцыі. Прычына затрыманьня — нібыта знаходжаньне Віталя ў расейскіх сьпісах асоб, якім забаронены ўезд. Ад Віталя Сізова запатрабавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі.

11 лютага 2017 году каля 2-ой гадзіны ночы міліцэйскі патруль​ уварваўся ў нумар гатэлю ў Менску да ўкраінскага пісьменьніка Сяргея Жадана, які прыехаў у Менск на літаратурны фэстываль. Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Жадана ў пастарунак.

Жадану паставілі штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін, аднак пасьля афіцыйных пратэстаў з боку Міністэрства замежных спраў Украіны беларускія ўлады анулявалі забарону. Рашэньне было прынятае цягам некалькіх гадзін. Жадан распавёў Свабодзе, што ў 2015-м годзе яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з фармулёўкай «за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці»; забарона аўтаматычна пераходзіць і да Беларусі з Казахстанам.

Кіраўнік МЗС Украіны Паўло Клімкін у інтэрвію польскаму выданьню Rzeczpospolitа заявіў, што гісторыі затрыманьняў украінскіх грамадзян у Беларусі і перадачы іх Расеі сьведчаць пра тое, што знаходжаньне украінцаў у гэтай краіне можа ўяўляць небясьпеку.

У МЗС Беларусі гэту заяву назвалі байкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG