Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў узмацніць «самую жорсткую манаполію» — на алькаголь


© Shutterstock
© Shutterstock

Пытаньні ёсьць да якасьці беларускай прадукцыі і слабага росту экспарту, адсутнасьці адзінай пазыцыі дзяржаўных органаў у алькагольных справах.

У часе нарады пра разьвіцьцё лікёра-гарэлачнай галіны 22 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «напэўна, самае жорсткае рэгуляваньне» вытворчасьці і рэалізацыі алькаголю, але трэба «гэтую манаполію ўзмацніць, зыходзячы з практыкі апошніх гадоў».

Ён дадаў, што для Беларусі алькаголь — гэта «сур’ёзная дапамога бюджэту», але «галоўнае — наступствы гэтага піцьця», таму трэба абмеркаваць і праблемы спажываньня алькаголю насельніцтвам.

Тры гады таму, нагадаў Лукашэнка, гэтая тэма абмяркоўвалася на высокім узроўні, «былі прынятыя неабходныя рашэньні», але сёньня паўстае пытаньне, «наколькі тыя рашэньні адпавядалі духу часу».

Што ня так

Паводле Лукашэнкі, «нельга дапускаць зьяўленьня няякаснай прадукцыі і ценявога абарачэньня алькагольных напояў», але ён мяркуе, што нельга казаць, «што ў нас ужо вельмі вялікая праблема з імпартам недабраякаснай прадукцыі з-за мяжы». Імпарт, паводле яго, складае 3–3,5% ад усяго алькаголю ў краіне, і гэта прадукцыя, якая ў Беларусі не вырабляецца.

Аляксандар і Мікалай Лукашкі ў Кітаі, 2017 год
Аляксандар і Мікалай Лукашкі ў Кітаі, 2017 год

Але на ўнутраным рынку зьяўляецца няякасная прадукцыя, ёсьць «складанасьці ва ўзаемадзеяньні пастаўшчыкоў і спажыўцоў», а таксама «павольны рост экспарту».

Лукашэнка заявіў, што яго «насьцярожвае, што ўрад, мясцовыя ўлады, сілавыя структуры ды й самі вытворцы глядзяць на вырашэньне праблемаў па-рознаму і не змаглі выпрацаваць узгодненую пазыцыю».

Выпіваюць шмат. Лукашэнка дазволіў купляць уначы

Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі здароўя (WHO), на 2016 год беларусы выпівалі 11,2 літра ўмоўнага сьпірту на чалавека за год. Гэта шмат, але меней за самых пітушчых у сьвеце — малдаванаў і літоўцаў, якія выпіваюць па 15 літраў. Беларусы ў алькагольным рэйтынгу цяпер на 26-м месцы.

Раней Беларусь ставілі на другое месца ў сьвеце з 16,4 літра на чалавека за год, а ў 2008–2010 гадах, паводле зьвестак WHO, беларусы былі самай пітушчай нацыяй у сьвеце з 17,5 літра ўмоўнага сьпірту. У ранейшых табліцах выкарыстоўваліся прагназаваныя ацэначныя паказьнікі (projected estimates), цяпер — супастаўныя ацэнкі (comparable estimates).

Нягледзячы на зьмену пазыцыяў у рэйтынгу, наўрад ці праблемы Беларусі з алькаголем можна лічыць вырашанымі: ад алькагольнага атручваньня за першыя пяць месяцаў бягучага году памерлі 600 чалавек, са 160 тысяч алькагольна залежных 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі штогод (гэтыя прафілякторыі называюць формай рабства без фактычнага лячэньня). З алькагольных акцызаў у дзяржаўны бюджэт за мінулы год мусіла паступіць каля мільярда даляраў.

Новая каардынатарка ААН у Беларусі казала, што зьвяртае асаблівую ўвагу на праблему злоўжываньня алькаголем. Так, паводле зьвестак ААН, 25% моладзі 14–17 гадоў «мелі досьвед» куплі алькаголю без дакумэнтаў, а 35% мужчынаў рэгулярна ўжываюць алькаголь з мэтай «увайсьці ў стан глыбокага алькагольнага ап’яненьня». Паводле яе, вырашыць праблему можна, і для пачатку алькаголь павінен каштаваць болей, не павінен прадавацца непаўналетнім, не павінен прадавацца проста паўсюль, напрыклад на запраўках.

У Беларусі ўжо некалькі разоў абмяжоўвалі продаж алькаголю ўначы, апошняя забарона пратрымалася меней за дзень: сам Лукашэнка загадаў вярнуць начны продаж алькаголю, назваў яе «бязглуздым рашэньнем».

Рашэньне Лукашэнкі ў адміністрацыі патлумачылі тым, што «досьвед як Беларусі, пачынаючы з савецкіх часоў, так і замежных краін сьведчыць пра неэфэктыўнасьць і нават шкоду забаронаў», але ўласная беларуская статыстыка сьведчыць аб адваротным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG