Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа мужчын — паміраць?


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

«Сапраўдны мужчына» — гэта такі мітычны пэрсанаж, які часта ўзгадваюць, калі рэальныя ўчынкі рэальных мужчын падаюцца няправільнымі ці нязручнымі для кагосьці. Зацьверджанага сьпісу патрабаваньняў да сапраўдных мужчын не існуе, і людзі пасьпяхова выкарыстоўваюць гэтую акалічнасьць, каб маніпуляваць мужчынамі рэальнымі.

Зрэшты, з вобразам «сапраўднай жанчыны» адбываецца ўсё тое самае, але сёньня гаворка не пра нас. Лукашэнка заявіў, што мужчынская функцыя — гэта абараняць і паміраць дзеля жанчыны. Пры гэтым (сачыце за рукамі!) закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, які дапамог бы абараніць жанчын — гэта «дурасьць з Захаду», а замена студэнцкіх вакацый службай у войску — добрая ідэя.

Прыкрывацца нібыта жаночымі патрэбамі, не запытваючыся ўласна ў жанчын, чаго мы на самой справе хочам, — даволі папулярны палітычны падыход. Так можна апраўдваць рэалізацыю ўласных мілітарысцкіх мараў і нават разьвязваць войны, а тлумачыць усё тым, што жанчынам патрэбная абарона.

Той факт, што жанчынам патрэбная роўная аплата за роўную працу, падзел хатніх абавязкаў і клопату пра дзяцей, адсутнасьць дыскрымінацыі ў розных сфэрах і той самы закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, Лукашэнку ня надта цікавіць. Яму нават не прыходзіць у галаву такая думка, што «мужык» — гэта той, хто ўмее без чужой дапамогі мяняць пампэрс уласнаму немаўляці і без нагадваньня разгружаць пральную машыну. Не, побытавыя клопаты — гэта ня справа сапраўдных мужчын. Іх справа — паміраць.

Ад словаў Лукашэнкі ў мяне складваецца ўражаньне, што для яго ідэальны мужчына — гэта мёртвы мужчына. Ну, калі мужчынская функцыя — гэта абараняць і паміраць дзеля жанчыны, дык менавіта да гэтага яны і павінны імкнуцца? І атрымліваецца, што войска мусіць вучыць менавіта гэтаму?

Я думаю, калі Лукашэнка працягне выказвацца ў такім духу, у Беларусі аднойчы адбудзецца мацярынская рэвалюцыя. Як бы банальна гэта ні гучала, але жанчыны не для таго нараджаюць дзяцей, каб тыя потым лічылі сваёй функцыяй «абараняць і паміраць». І будзе ў гэтай рэвалюцыі пэўная іранічнасьць — бо на абарону родных выйдуць менавіта жанчыны.

Рэальнасьць часта разыходзіцца са стэрэатыпамі, і сытуацыя з вайсковай службай у Беларусі — не выключэньне. Пакуль Лукашэнка хоча, каб студэнты праводзілі вакацыі ў войску, бо іх функцыя — абараняць і паміраць дзеля жанчын, жанчыны аб’ядноўваюцца паміж сабой і нават ствараюць грамадзкія рухі, каб абараніць сваіх сыноў і іншых мужчын ад дзяржавы.

Наўрад ці ў Беларусі знойдзецца шмат людзей, якія сапраўды згодныя з Лукашэнкам у гэтым ягоным выказваньні, бо калі забыцца на стэрэатыпы і вярнуцца ў рэальнасьць, становіцца відавочнае: лепей быць жывым мужчынам, чым мёртвым ідэалам. А стэрэатыпы з часам таксама зьменяцца, да гэтага проста трэба дажыць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG