Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпархіяльная рада вінаваціць сьвятара Аляксандра Шрамка «ў ачарненьні царквы»


Аляксандар Шрамко
Аляксандар Шрамко

Рада Менскай эпархіі пагражае перадаць справу ярэя Аляксандра Шрамка ў царкоўны суд для разгляду пытаньня аб мэтазгоднасьці яго далейшага сьвятарскага служэньня «ў выпадку зацятасьці ў сваіх дзеяньнях і нежаданьня стаць на шлях выпраўленьня».

Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай выпісцы з пратаколу пасяджэньня эпархіяльнай рады Менскай эпархіі БПЦ ад 23 сакавіка 2018 году.

Справа тычыцца публіцыстычнай дзейнасьці айца Аляксандра, «накіраванай на дыскрэдытацыю сьвяшчэннаначальля і існага ўкладу царкоўнага жыцьця ў межах Беларускага экзархату і Расейскай праваслаўнай царквы».

«Стварыў свой сайт»

У даведцы гаворыцца, што айцец Аляксандар пачаў актыўна займацца публіцыстычнай дзейнасьцю на пачатку 2000-х гадоў.

«Ён стварыў свой сайт (назва якога было блізка сугучная афіцыйнаму сайту БПЦ — www.churchby.info), пачаў публікаваць шматлікія артыкулы ў СМІ, прычым пераважна нецаркоўных. У сваіх артыкулах і інтэрвію ён, як правіла, закранаў праблемныя, дыскусійныя бакі царкоўнага жыцьця і дзейнасьці (місіянэрскай, літургічнай і г.д.).

Пры гэтым у сваіх публікацыях ярэй Аляксандар Шрамко нярэдка пераходзіў мяжу паміж абмеркаваньнем і асуджэньнем афіцыйнай пазыцыі Царквы па тым ці іншым пытаньні. Часьцяком яго публікацыі мелі форму правакацыйных „укідаў“, накіраваных на тое, каб паказаць чытачу, што ў тым ці іншым выпадку думка Царквы памылковая, а думка аўтара — блізкая да ісьціны, але яго ня чуюць ці ня хочуць пачуць. Ён таксама нярэдка дазваляў сабе ўхіляцца ў палітычныя тэмы», — гаворыцца ў царкоўным дакумэнце.

«Аднавіў сваю правакацыйную публіцыстычную дзейнасьць»

Пазьней ярэй Аляксандар Шрамко перайшоў у сваіх публікацыях «да адкрытай рэзкай крытыкі» сьвяшчэннаначальля, «крытыкаваў і асуджаў» рашэньні царкоўнай герархіі і зьмест царкоўных дакумэнтаў. 15 верасьня 2006 году эпархіяльная рада запатрабавала, каб айцец Аляксандар закрыў свой сайт і спыніў сваю публіцыстычную дзейнасьць.

Аднак у лютым 2007 году ён аднавіў «сваю правакацыйную публіцыстычную дзейнасьць».

10 траўня 2007 году Менскі эпархіяльны суд рэкамэндаваў вывесьці ярэя Аляксандра Шрамка за штат бяз права служэньня да раскаяньня. Мітрапаліт Філарэт тады падпісаў адпаведны ўказ.

2 сакавіка 2009 году ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы Менску ярэй Аляксандар Шрамко прынёс публічнае пакаяньне, быў адноўлены ў кліры і прызначаны сьвятаром прыходу менскага храма Арханёла Міхаіла.

«Удзельнічае ў сумнеўных сходах, вядзе інтэрнэт-блог»

У дакумэнце гаворыцца, што ў 2013 годзе настаяцель прыходу напісаў характарыстыку на айца Аляксандра, які «ўдзельнічае ў сумнеўных сходах, вядзе інтэрнэт-блог, у якім пакідае непрыстойныя камэнтары з нагоды пытаньняў, зьвязаных са сьвяцейшым патрыярхам, кіроўным архірэем і іншымі духоўнымі асобамі».

Таксама эпархіяльная рада зьвяртае ўвагу на тое, што ў сьнежні 2014 году ярэй Аляксандар Шрамко падчас працы Агульнага сходу духавенства Менскай эпархіі «дазволіў сабе весьці прамую трансьляцыю сходу на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook».

«Ён у рэжыме рэальнага часу публікаваў фатаздымкі сходу, пісаў пра тэмы, што абмяркоўваліся падчас сходу, шэраг зь якіх мелі ўнутраны, канфідэнцыйны характар, суправаджаў публікацыю фатаздымкаў і тэм абмеркаваньня ўласнымі камэнтарамі крытычнага характару. У сувязі з гэтым многія ўнутрыцаркоўныя пытаньні, якія абмяркоўваліся на Агульным сходзе духавенства, атрымалі шырокую агалоску, паколькі былі апублікаваныя ў сетцы Інтэрнэт і ў сьвецкіх, пераважна апазыцыйных СМІ», — гаворыцца ў афіцыйным дакумэнце.

З гэтай нагоды яго выклікаў на гутарку мітрапаліт, і айцец Аляксандар вымушаны быў напісаць яму тлумачальную запіску, у якой выклаў сваё разуменьне пытаньня, але абяцаў «устрымлівацца ад разьмяшчэньня ў публічным доступе (сваіх) меркаваньняў і артыкулаў, а таксама не даваць інтэрвію без бласлаўленьня».

«На практыцы „ўстрыманьне ад разьмяшчэньня ў публічным доступе“ сваіх публікацый выявілася ў абмежаваньні доступу да такой толькі для падпісчыкаў інтэрнэт-старонак ярэя Аляксандра. Па факце, аб’ём публікацый і іх зьмест не зьмяніліся, стала толькі складаней іх адсочваць тым, хто ня лічыцца сярод „падпісчыкаў“ або „сяброў“», — мяркуе эпархіяльная рада.

Аляксандар Шрамко
Аляксандар Шрамко

Іншыя правіны айца Аляксандра:

— ён працягваў публікаваць артыкулы з крытыкай царквы і сьвяшчэннаначальля, якія «мелі часам яўны палітычны падтэкст»;

— апублікаваў на беларускамоўных інтэрнэт-рэсурсах артыкул «За што і як плаціць сьвятару?», дзе скрытыкаваў практыку ахвяраваньняў за зьдзяйсьненьне трэбаў;

— рабіў у сацсетках непрымальныя для праваслаўнага сьвятара заявы;

— у перапісцы з камэнтатарамі артыкула протадыякана Андрэя Кураева «Азы царкоўнай юстыцыі» напісаў пра сваё пакаяньне ў сакавіку 2008 году: «Мне да гэтага часу сорамна з-за гэтага».

З прычыны «правакацыйных артыкулаў» айца Аляксандра выклікалі для тлумачэньняў на эпархіяльную раду 23 сакавіка 2018 году. Але па выніках сустрэчы «стала відавочна, што ярэй Аляксандр Шрамко ў сваіх дзеяньнях ня каецца і адступаць ад свайго ладу жыцьця і дзейнасьці, накіраванай на ачарненьне Царквы, ня мае намеру».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG