Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект кітайскага заводу ў Сьветлагорску пройдзе новую экалягічную экспэртызу


Мінпрыроды адказала на зварот жыхароў Сьветлагорску наконт шкодных выкідаў з заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы. Як вынікае з дакумэнту, «смуродныя пахі» з прадпрыемства не прадугледжваліся праектам. Будзе новая экалягічная экспэртыза.

Міністэрства абяцае ў выпадку парушэньня заканадаўства «прыняць меры».

Згодна з праектам, які прайшоў дзяржаўную экалягічную экспэртызу, усе «смуродныя пахі» (метыльмэркаптан і іншыя) павінны абясшкоджвацца бяз выкіду ў паветра.

«У сувязі з гэтым праектам не былі вызначаныя аб’ёмы выкідаў мэтыльмэркаптанаў, а таксама не плянаваўся кантроль гэтых выкідаў», — тлумачыць Мінпрыроды.

Але пры пусканаладачных працах пачаліся выкіды. Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат і кітайская карпарацыя, якія збудавалі завод, «рэалізавалі дадатковыя мерапрыемствы, якія забясьпечваюць зьніжэньне выкідаў мэтыльмэркаптанаў».

Праектную дакумэнтацыю адкарэктавалі. 25 верасьня яна паступіла на новую экалягічную экспэртызу. Ступень узьдзеяньня заводу на вакольнае асяродзьдзе з улікам выкідаў мэркаптанаў будзе ацэненая паўторна.

Цяпер Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя закупляе адпаведнае абсталяваньне і распрацоўвае мэтодыкі вымярэньня шкодных рэчываў. Такую ж працу праводзіць і цэлюлёзна-кардонны камбінат.

«З адказу вынікае, што завод нас абсалютна незаконна труціў. На пачатку будоўлі не было інфармацыі, што пуск заводу пацягне за сабой смурод, шкодныя выкіды. Значыць, цэлюлёзна-кардонны камбінат і канцэрн не былі падрыхтаваныя, каб фіксаваць гэтыя „смуродныя пахі“, якія праектам не прадугледжаныя? Чыя гэта памылка? Гэта нядбайнасьць ці злачынства?» — сказала Свабодзе праваабаронца, сябра ініцыятыўнай групы па сытуацыі з кітайскім заводам Алена Масьлюкова.

Ініцыятыўная група плянуе падаць пазоў супраць цэлюлёзна-кардоннага камбінату і канцэрну. Актывісты маюць пытаньні і да міністэрства: чаму яно не рэагавала, калі ў 2017 годзе ва ўсе інстанцыі ішлі скаргі на шкодныя выкіды?

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG