Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьветлагорску за флэшмоб супраць кітайскага заводу аштрафавалі праваабаронцу і актывіста


Суд Сьветлагорскага раёну 9 кастрычніка пакараў штрафам у 612,5 беларускіх рублёў праваабаронцу Алену Масьлюкову. Напярэдадні штраф у памеры 490 рублёў атрымаў грамадзкі актывіст Анатоль Зьмітровіч. Міліцыя і суд прызналі іх арганізатарамі флэшмобу супраць «сьмярдзючага» заводу, які прайшоў 15 верасьня ў Сьветлагорску.

Доказамі віны суд прызнаў паказаньні шасьці сьведак, апытаных міліцыяй. Сьведкі, якіх ня ведаюць ні Масьлюкова, ні Зьмітровіч, на суд не зьявіліся. Хадайніцтвы аб тым, каб выклікаць сьведак, судзьдзя Руслан Царук адхіліў.

Як сказала Свабодзе Алена Масьлюкова, яна не прызнала сябе вінаватай — арганізатарам «несанкцыянаванага мерапрыемства», бо:

  • флэшмоб — не пікет і ня мітынг. На акцыі не было транспарантаў, лёзунгаў, ніхто не вылучаў ніякіх патрабаваньняў;
  • людзі маюць права сабрацца на цэнтральнай плошчы;
  • Алена Масьлюкова назірала за флэшмобам як праваабаронца;
  • на відэазапісе бачна, што яна не заклікае людзей, не гуртуе, наагул не «актыўнічае»;
  • Канстытуцыя, якая гарантуе права на свабоду мірных сходаў і выказваньня поглядаў і перакананьняў, — вышэйшая за рашэньні мясцовай улады, якая забараняе ў горадзе мітынгі і пікеты;
  • раённыя ўлады не вырашаюць праблемы са смуродам з кітайскага заводу, а шукаюць вінаватых.
Алена Масьлюкова
Алена Масьлюкова

«Бессэнсоўна. Судзьдзя не пачуў мяне. Такімі дзеяньнямі ўлада перасьледуе мяне як праваабаронцу, як жанчыну», — пракамэнтавала прысуд Масьлюкова.

Яна будзе абскарджваць рашэньне суду.

15 верасьня жыхары Сьветлагорску правялі флэшмоб супраць выкідаў з кітайскага заводу. Ня менш за 150 чалавек у мэдычных масках і зь зялёнымі паветранымі шарамі сабраліся каля цэнтральнай плошчы. Згуртаваліся людзі праз сацыяльныя сеткі. Міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы за «арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» на праваабаронцу Алену Масьлюкову і грамадзкага актывіста Анатоля Зьмітровіча.

Ініцыятыўная група па маніторынгу сытуацыі з заводам беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску ня раз падавала заяўкі ў райвыканкам аб дазволе на правядзеньне мітынгу. Але ніводнага разу райвыканкам не дазволіў масавага мерапрыемства. Улады спасылаліся на тое, што адзіная ў горадзе пляцоўка, дазволеная для мітынгаў і пікетаў, увесь час занятая. Там праходзяць то конкурсы, то сьвяты БРСМ, то футбольныя матчы. Іншай пляцоўкі для пікетаў і мітынгаў у горадзе няма.

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG