Аляксандар Крыновіч мае выйсьці на волю з калёніі ўзмоцненага рэжыму ў 2022 годзе. Абарона патрабавала поўнага скасаваньня прысуду.
Менскі гарадзкі суд разглядзеў 16 кастрычніка апэляцыю па справе дырэктара ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандра Крыновіча. Тэрмін зьняволеньня Кныровічу скарацілі з 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму да 5, піша Tut.by.
Адвакат Кныровіча адзначаў, што бізнэсоўца пакаралі паводле артыкулу аб даваньні хабару больш жорстка, чым атрымальнікаў хабару з сыстэмы ЖГК, а тое даваньне хабару было вымушаным. З кампаніяй Кныровіча, сьцьвярджае абарона, не разьлічыліся за выкананыя работы, таму кампанія была на мяжы банкруцтва. Бізнэсовец адзін раз даў калегам 60 тысячаў рублёў «на даваньне хабару», але не кантраляваў, каму і колькі давалі.
Наконт артыкулу аб ухіленьні ад падаткаў абарона заяўляла, што Крыновіч у большую частку пэрыяду, які разглядаўся (2012–15 гады) ня быў фактычным кіраўніком кампаніі, а ўсе сьведкі ў судзе пацьвердзілі, што «бачылі яго толькі на карпаратывах». З улікам гэтага і з улікам сплаты шкоды за пэрыяд ягонага кіраваньня, пісалі ў апэляцыі, тэрмін зьняволеньня трэба скараціць удвая.
Ранейшае рашэньне суду, сьцьвярджала абарона, прымалася на падставе толькі праверкі Камітэту дзяржкантролю, дзе адносна замежнай кампаніі быў неабгрунтавана ўжыты ўказ №488 («Аб некаторых мерах па папярэджаньні незаконнай мінімізацыі сумаў падатковых абавязкаў»), пры тым сума недаплаты з акту КДК значна адрозьнівалася ад шкоды ў прысудзе: было 311 тысячаў рублёў, стала 2,767 млн.
***
КДБ арыштавала бізнэсоўцу і блогера Кныровіча ў студзені 2017 году, з таго часу яго трымалі пад вартай у СІЗА КДБ («Амэрыканцы»). Аляксандар Лукашэнка амаль адразу па затрыманьні Кныровіча заяўляў аб адназначнай вінаватасьці бізнэсоўца: маўляў, «таўро на ім ставіць няма дзе».
На судзе ў красавіку Кныровіч толькі часткова прызнаў віну. На абвінавачаньне ў нявыплаце падаткаў Кныровіч сказаў, што «ня згодны з мэтодыкай разьлікаў» і з тым, як сьледчыя вызначылі пэрыяды заніжэньня сумы падаткаў. Падсудны дапусьціў, што магла закрасьціся памылка больш як на 60 тысяч рублёў. Таксама, паводле Кныровіча, у яго не было намеру ўхіляцца ад выплаты падаткаў. Усяго, паводле сьледзтва, з 2008 году кампанія Кныровіча не сплаціла падаткаў больш як на 3,3 мільёна беларускіх рублёў. Некаторыя беларускія прадпрымальнікі не паверылі ў вінаватасьць Аляксандра Кныровіча і зладзілі кампанію салідарнасьці #злодзей_не_кныровіч, параўноўвалі справу Кныровіча са «справай патрыётаў».
Паводле зьвестак КДБ, хабар перадаваўся кіраўнікам сыстэмы ЖКГ за судзеяньне ў бізнэсе, але бацька бізнэсоўца казаў, што гэта прадпрыемствы ЖКГ былі вінаватыя кампаніі ягонага сына 1,5 мільёна даляраў.
У сваім блогу Кныровіч крытычна выказваўся наконт разьвіцьця эканомікі Беларусі. За ягоны матэрыял з крытыкай спосабаў сьвяткаваньня Дня Перамогі быў часова заблякаваны рэсурс Kyky.org. Кныровіч займаўся ня толькі разьвіцьцём уласнага бізнэсу, але таксама інвэставаў у іншыя праекты, у ліку якіх была перадача «Мой бізнэс» на дзяржаўным тэлеканале АНТ.