Сьвятар не зарэгістраванай у Менску Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч у інтэрвію Свабодзе вітаў навіны з Усясьветнага патрыярхату, які зрабіў чарговыя крокі да стварэньня самастойнай Украінскай праваслаўнай царквы.
Сынод Усясьветнага патрыярхату падчас сэсіі 9–11 кастрычніка ў Стамбуле вывеў Украінскую праваслаўную царкву з падпарадкаваньня маскоўскага патрыярхату і пацьвердзіў, што УПЦ будзе нададзеная аўтакефалія.
Томас украінскай царкве надасьць сіл беларускім прыхільнікам аўтакефаліі
«Канечне, трэба віншаваць украінскі народ і Ўкраінскую праваслаўную царкву з гэтым доўгачаканым паваротам да поўнай самастойнасьці. Больш за 300 год яны пакутавалі ад маскоўскіх цароў і імпэратараў, за савецкім, а цяпер і за пуцінскім часам, і вось сапраўды наблізіліся да аўтакефаліі», — кажа Свабодзе айцец Леанід Акаловіч.
Паводле сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рашэньне, абвешчанае ў Стамбуле, надасьць сілы беларускім праваслаўным вернікам у змаганьні за сваю незалежнасьць ад Рускай праваслаўнай царквы.
«Тое, што завецца Беларускай праваслаўнай царквой, насамрэч ёсьць філіялам Маскоўскага патрыярхату, таму беларускім вернікам томас аб аўтакефаліі патрэбны гэтаксама, як і ўкраінскім. Мы толькі на пачатку гэтага шляху, можа яшчэ сто гадоў будзем па ім ісьці, але шлях вызначаны, ёсьць прыклад, і палёгка абавязкова будзе», — кажа айцец Леанід Акаловіч.
Беларуская царква мела свой досьвед аўтакефаліі
Сьвятар нагадаў, што ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя і ў часе Другой усясьветнай вайны Беларуская праваслаўная царква абвяшчала аўтакефалію, але ўтрымаць яе з розных прычын не ўдалося. На думку айца Леаніда, змаганьне за царкоўную аўтакефалію наўпрост зьвязанае са змаганьнем за сапраўдную дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.
«Быў час, калі беларускія праваслаўныя прыходы падпарадкоўваліся Кіеву, а не Маскве. Як пераходны крок гэта можна аднавіць, але галоўная мэта — дамагчыся самастойнай праваслаўнай царквы, якая, як іншыя памесныя цэрквы, будуе адносіны з Усясьветным патрыярхатам у Канстантынопалі. Але каб гэта ўдалося, патрэбная ня толькі падтрымка дзяржавы, якой у нас зусім няма, але і каб было больш прыходаў, каб да гэтага імкнулася больш вернікаў-ахвотнікаў. Патрэбна тое, што мае Ўкраіна, а мы толькі прыходзім да гэтага разуменьня. Але як будзе воля Божая, дык усё адбудзецца і ў нас», — спадзяецца айцец Леанід.
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква была зарэгістраваная ў 1922 годзе і афіцыйна дзейнічала ад 1927 году, а потым паступова перайшла ў падпольле, зазнала рэпрэсіі. Была адноўленая на тэрыторыі акупаванай Беларусі ў 1942 годзе і пасьля вызваленьня ад фашыстоўскіх захопнікаў зноў перайшла ў падпольле. У 90-х гадах мінулага стагодзьдзя ў Беларусі пачалі аднаўляцца прыходы БАПЦ. Адным зь першых зьявіўся прыход Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, у якім настаяцелем айцец Леанід.
«Аднак прыходы БАПЦ не рэгіструюць, вернікам не дазваляюць будаваць цэрквы, перасьледуюць за набажэнствы. Мы 5 разоў падавалі на рэгістрацыю, але кожны раз адмаўляюць», — сказаў Свабодзе Леанід Акаловіч.
Расейскую анатэму Варфаламею могуць агучыць у Менску
15 кастрычніка ў Менску пройдзе сынод Расейскай праваслаўнай царквы, на якім, як паведамляюць у РПЦ, будзе дадзены адказ на рашэньне сыноду ў Канстантынопалі надаць аўтакефалію УПЦ. Сярод іншага не выключаецца, што сынод РПЦ абвесьціць анатэму Канстантынопальскаму патрыярху Варфаламею.
Які вынік будзе мець такі крок, калі ён сапраўды адбудзецца? Айцец Леанід кажа, што анатэма Ўсясьветнаму патрыярху Варфаламею з боку Масквы ня будзе прызнаная ў праваслаўным сьвеце.
«Вось вазьміце нас, праваслаўных вернікаў у Беларусі. Мы паміж сабой вырашылі, што калі Варфаламей ня дасьць томас украінскім праваслаўным вернікам, дык ня будзем за яго маліцца, бо гэта будзе азначаць, што патрыярх Кірыл, кіраўнік РПЦ, мацнейшы за Варфаламея. Але Варфаламей не саступае, і гэта падымае ў вачах праваслаўных вернікаў сьвету ягоны аўтарытэт. Дык што будзе азначаць анатэма Варфаламею, калі яе абвесьціць РПЦ? Нічога. Яны на гэта ня маюць аніякага права. Канечне, гэта будзе нейкі раскол. Так, за РПЦ могуць пайсьці сэрбы ці румыны, ці хто яшчэ, каго Масква зможа падкупіць, але такіх будзе няшмат. Мяркую, большасьць праваслаўных цэркваў сьвету падтрымае Канстантынопаль за аўтакефалію Ўкраіне».
Магчымай анатэмай Варфаламею Масква створыць сабе праблемы
Пра магчымы раскол у праваслаўным сьвеце кажа і дасьледчык гісторыі рэлігіі Анатоль Сідарэвіч.
«Тады Масква створыць сабе праблемы большыя, чым у 1054 годзе стварыў для сябе Рым, калі легаты рымскага біскупа абвясьцілі анатэму Канстанцінопальскаму патрыярху і адбыўся раскол у хрысьціянскім сьвеце. Калі Масква гэта зробіць, дык пакажа, што ў іх няма розуму, бо ў цяперашняга Канстантынопальскага патрыярха няма ніякіх ерасяў», — мяркуе Анатоль Сідарэвіч.
Гісторык лічыць, што яшчэ зарана ацэньваць плюсы ці мінусы падзей вакол памеснай Украінскай праваслаўнай царквы для Беларусі.
«Цяпер там сытуацыя такая, што ад учорашняга дня ва Ўкраіне няма ніводнай кананічнай праваслаўнай царквы, у тым ліку такой не зьяўляецца Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату. Усе тры праваслаўныя цэрквы часова перайшлі пад амафор, то бок падпарадкаваньне, Канстантынопальскага патрыярха. Канстантынопаль павінен прыслаць ім экзарха, хутчэй за ўсё гэта будзе ўкраінец, і пад ягоным кіраўніцтвам павінен прайсьці сабор. Тры царквы павінны вырашыць, пераходзяць яны пад кіраўніцтва Канстантынопаля ці ідуць у самастойнае плаваньне. Калі першае, дык абяруць прадстаяцеля, і толькі тады будзе абвешчаны томас аб аўтакефаліі. Але гадаць, што адбудзецца ў выніку і як Масква адрэагуе, я не бяруся».
У БПЦ МП не камэнтуюць
Прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату протаярэй Сяргей Лепін адмовіўся камэнтаваць рашэньні сыноду Канстантынопальскага патрыярхату, які адмяніў права патрыярха Маскоўскага прызначаць кіеўскага мітрапаліта. Таксама Сяргей Лепін ня стаў камэнтаваць мэты сыноду РПЦ, які мае адбыцца ў Менску 15 кастрычніка. «Усе камэнтары па выніках сыноду», — сказаў протаярэй Сяргей Лепін.