Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбаліста «Крумкачоў» затрымалі па падазрэньні ў распаўсюдзе наркотыкаў


Футбольная каманда «Крумкачы», ілюстрацыйнае фота
Футбольная каманда «Крумкачы», ілюстрацыйнае фота

Паўабаронца футбольнага клюбу «Крумкачы» Алег Дыбаль затрыманы па падазрэньні ў распаўсюдзе наркотыкаў. Гэтую інфармацыю БЕЛТА пацьвердзілі ў Сьледчым камітэце Беларусі.

Спартоўцу затрымалі 9 кастрычніка. Распачатая і расьсьледуецца крымінальная справа паводле ч.3 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналягаў»). Футбалісту пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.

У Сьледчым камітэце паведамілі, што падчас ператрусу дома Алега Дыбаля выявілі больш за 40 г забароненага псыхатропнага рэчыва — альфа-PVP, паводле заключэньня спэцыялістаў. З футбалістам цяпер працуюць сьледчыя, высьвятляюць абставіны здарэньня.

Футбольны клюб «Крумкачы» выступіў з афіцыйнай заявай наконт затрыманьня Дыбаля.

«Футбольны клюб „Крумкачы“ заўсёды нэгатыўна ставіцца да любых формаў супрацьпраўных дзеяньняў. Клюб гатовы да супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, калі гэта будзе трэба. Аднак да той пары, пакуль віна ня будзе даказаная, мы ня можам казаць пра ўдзел Алега Дыбаля ў тым ці іншым правапарушэньні, і клюб будзе падтрымліваць футбалісту», — сказана ў афіцыйным звароце.

Менскія аматары футболу заснавалі футбольны клюб «Крумкачы» 20 сакавіка 2014 году. Каманда пасьлядоўна прайшла ўсе прыступкі — аматарскую другую лігу, напаўпрафэсійную першую, а ў 2016-м ужо праводзілі дэбютны сэзон у кампаніі наймацнейшых удзельнікаў чэмпіянату Беларусі.

Аднак неўзабаве паўсталі фінансавыя праблемы: «Крумкачы» аказаліся адзінымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. За імі не было ні гарадзкіх адміністрацый, ні буйных прадпрыемстваў. Дапамогі тытульных спонсараў не хапала.

Празь вялікія даўгі ў сакавіку 2018 году «Крумкачоў» не дапусьцілі да ліцэнзаваньня, то бок да гульні ў Найвышэйшай ці Першай лізе. Каманда магла зьнікнуць, каб не заўзятары. У красавіку 2018 году удалося зарэгістраваць новую юрыдычную асобу — «НФК Крумкачы».

Адным з заснавальнікаў новых «Крумкачоў» стаў вядомы піяніст і футбольны заўзятар Юры Бліноў. Акрамя яго, у заснавальніках таксама фігуруе брамнік каманды, жодзінскі прадпрымальнік Яўген Касьцюкевіч. «НФК Крумкачы» падалі заяўку на ўдзел у першынстве другой лігі чэмпіянату Беларусі, і Беларуская фэдэрацыя футболу яе задаволіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG