Улада Пуціна над Расеяй пачынае дыхаць на ладан, лічыць украінскі палітоляг Віктар Каспрук. Таму, на думку ўкраінскага аўтара, пасьля таго, як пуцінскі рэжым абрынецца, абавязкова востра паўстане пытаньне пра самавызначэньне і незалежнасьць паняволеных і калянізаваных Масквою аўтаномных рэспублік.
Ідзецца пра Чачню, Татарстан, Удмуртыю, Башкартастан, Дагестан, Інгушэтыю, Кабардына-Балкарыю, Калмыкію, Мардовію, Саха-Якутыю, Карачаева-Чаркесію, Туву, Хакасію, Адыгею, Карэлію, Алтай, Комі, Марый-Эл.
Распад Расейскай Фэдэрацыі можа быць ня вельмі хуткім, але сыстэмным і незваротным.
Некаторыя з суседніх краін паспрабуюць ўзяць прыклад з Кітаю і дзейнічаць павольна, прымаючы нібыта ў доўгатэрміновую арэнду і асымілюючы былыя расейскія землі. А сёй-той раптам пачне ўспамінаць, каму раней, гадоў так 300 або 200 таму, належалі гэтыя тэрыторыі.
Зрэшты, магчымыя і іншыя разнастайныя варыянты. Сярод іх, напрыклад, такі, што Татарстан, Мардовія, Удмуртыя, Чувашыя і Марый-Эл выберуць іншую стратэгію выжываньня. І добраахвотна аб’яднаюцца ў тэрытарыяльнае ўтварэньне накшталт Булгарскага зьвязу.
Тым больш, што ўсе гэтыя рэспублікі разьмешчаныя побач адна з адной, і ўсе яны, у гістарычныя часы Волскай Булгарыі, уваходзілі ў яе склад.
Таксама цалкам лягічным і пэрспэктыўным выглядала стварэньне, акрамя Булгарскага зьвязу, утварэньне Зьвязу мангольскіх дзяржаваў, куды б маглі ўвайсьці Алтай, Буратыя, Тува і Хакасія, і Зьвязу дзяржаў Каўказу — Чачня, Дагестан, Інгушэтыя, Кабардына-Балкарыя, Карачаева-Чаркесія. Зразумела, што ў такім выпадку Паўночная Асэтыя далучыцца да Грузіі.
Новая мапа пострасейскай прасторы адлюстроўвае працэсы яе дэзінтэграцыі
Вядома, назвы новых тэрытарыяльных утварэньняў цалкам умоўныя, але яны адлюстроўваюць праходжаньне асноўных тэндэнцый цэнтрабежных працэсаў у Расейскай Фэдэрацыі.
Адначасна пры гэтым ня варта скідаць з парадку дня і той факт, што тэрытарыяльна РФ даўно падзеленая на вотчыны цяперашняга расейскага алігархату, які, у сутнасьці, і валодае ўсім у Расейскай Фэдэрацыі.
Таму пачатковым сцэнарам, улічваючы ўладу алігархаў над Расеяй, можа стаць спачатку трансфармацыя фіктыўнай Расейскай Фэдэрацыі на рэальную Расейскую Канфэдэрацыю. Паколькі жаданьне хутчэй аддзяліцца ад іншых будзе стрымліваць і абмяжоўваць падрыхтоўка да існаваньня ў адасобленым выглядзе, з абарванымі эканамічнымі сувязямі.
Неабходна ўлічваць, што, акрамя ўнутраных працэсаў дэзінтэграцыі, на тэрытарыяльную трансфармацыю Расейскай Фэдэрацыі будзе ўплываць і жаданьне зьнешніх гульцоў, для якіх існаваньне агрэсіўнай і непрадказальнай Расеі ў цяперашнім выглядзе ўяўляе вялікую пагрозу. І яны будуць рабіць усё, што ад іх залежыць, каб працэс распаду РФ надоўга не зацягваўся.
На карце распалай Расеі можна будзе ўбачыць шмат чаго цікавага, уключаючы страту РФ былой Калінінградзкай вобласьці, якая зноў можа стаць часткай Усходняй Прусіі і будзе вернутая ў склад Нямеччыны.
Самымі небясьпечнымі зьяўляюцца задаўненыя і замарожаныя міжэтнічныя канфлікты
Да пазытыву працэсу распаду Расейскай Фэдэрацыі можна дадаць і тое, што гэта рэзка паменшыць карупцыю і велізарны крадзеж дзяржаўных сродкаў на ранейшых неабсяжных прасторах Расеі.
Таму што калі гэтыя прасторы будуць падзеленыя на незалежныя дзяржавы, то ўнутры гэтых дзяржаў казнакрадзтва стане значна менш, і кантролю за разьмеркаваньнем і мэтавым выкарыстаньнем сродкаў, адпаведна, больш.
Хуткім можа стаць і наладжваньне міжнародных сувязяў новых дзяржаў, якія пачнуць арыентавацца ўжо не на далёкую Маскву, а на суседнія зь імі краіны.
Такім чынам, Зьвяз мангольскіх дзяржаваў (Алтай, Буратыя, Тува і Хакасія) здатны папрасіць вайсковай дапамогі ў Кітаю або Манголіі, а тыя могуць яе і даць.
Варта разгледзець розныя вэрсіі пачатку распаду Расейскай Фэдэрацыі. Адной з найбольш рэальных стануць міжэтнічныя канфлікты ў паняволеным Расеяй Каўказе, на фоне нарастаньня эканамічнага каляпсу ў РФ.
У гэтым выпадку небясьпека тоіцца ў задаўненых і замарожаных міжэтнічных канфліктах паміж каўкаскімі народамі, якія могуць стаць прычынамі кровапраліцьця.
Ня трэба забываць, што ўсе гэтыя чужыя землі былі далучаныя да Расеі сілай, забойствамі і тэрорам лідэраў і правадыроў гэтых паняволеных народаў або ілжывымі абяцаньнямі надаць абарону, якія аказаліся чыстым падманам.
Цяпер усё ідзе да таго, што Каўказ знутры і Кітай звонку ўзарвуць Расею. І гэты момант няўхільна набліжаецца — калі стане немагчымым задавальняць штораз большыя апэтыты прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава і яго атачэньня.
Стратэгічнай памылкай Пуціна стала выкарыстаньне газу і нафты не як тавару, а як зброі для здабываньня грошай і маёмасьці на Захадзе і скупка няўстойлівай часткі яго палітычнай эліты накшталт Шрэдэра. Сёе-тое атрымалася, але акрамя футбольных клюбаў Захад нічым не саступіў. Гэта спарадзіла злосьць Расеі, бясьсільную і зьнясільную.
Расейская Фэдэрацыя зьнішчыць сябе сама
Крэмль ужо пачаў губляць халодны разьлік, а дзейнічаючы на міжнароднай арэне спарадычна і эмацыйна, прайграе практычна ва ўсіх напрамках. І злосьць пуціністаў, з прычыны няздольнасьці што-небудзь рэальна зьмяніць на сваю карысьць, толькі нарастае.
І гульня ў адноўленую звышдзяржаву, у перамогу ў якой ніхто, акрамя самога Пуціна ня верыць, прывяла Расею да стану паўраспаду, запусьціўшы працэсы будучага развалу.
Імкнучыся разваліць NATO і справакаваць распад Эўразьвязу, крамлёўцы тым самым толькі паскорылі працэсы дэзінтэграцыі рускіх тэрыторый, якія цяпер выглядаюць незваротнымі.
Але калі Пуціну штучнымі мэтадамі ўдалося пэўны час імітаваць працэс аднаўленьня Савецкага Саюзу, то цяпер можна сказаць, што эпоха СССР заканчваецца па-сапраўднаму.
Пры гэтым патугі Расейскай Фэдэрацыі весьці барацьбу з Захадам і спробы далучыць іншыя дзяржавы да сваёй антыцывілізацыі вельмі нагадваюць дзеяньні непаслухмянага хлопчыка, які вырашыў адмарозіць сабе пальцы на злосьць бабулі.
Разьвязаўшы зьнясільваючую гібрыдную вайну з Украінай і Захадам, Расея дасягае цалкам процілеглых мэтаў, чым тыя, якія былі заплянаваны Крамлём.
Спрабуючы захапіць ўкраінскія тэрыторыі і цалкам ігнаруючы кітайскую пагрозу, пуціністы знаходзяцца на шляху страты зямель на Далёкім Усходзе і ў Сыбіры. Бо, кінуўшы большасьць рэсурсаў на рост вайсковай моцы і сілавых структураў, Масква гэтым крытычна аслабіла магчымасьці свае эканомікі.
І ніхто ёй не дапаможа, калі Кітай, дачакаўшыся свайго часу, захоча наданьня статусу Кітайскай аўтаноміі для тэрыторыяў на ўсходзе Расійскай Федэрацыі, на які расейцы раней пусьцілі кітайскіх каляністаў.
А калі постпуцінскія ўлады паспрабуюць разарваць кабальныя дамовы з Кітаем наконт арэнды на 49 гадоў велізарных тэрыторыяў Расеі, то новыя гаспадары замацуюць іх статус-кво сілай.
Пуцін неабдумана вырашыў згуляць партыю ў покер з гісторыяй. Не разумеючы таго, што, ваюючы з Украінай, Расея зьнішчае сваю дзяржаўнасьць. І калі так будзе працягвацца і далей, то Расейская Фэдэрацыя зьнішчыць сябе сама.
Віктар Каспрук
Меркаваньні, выказаныя ў матэрыяле, перадаюць погляд самога аўтара і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю Радыё Свабода.