Аляксандар Лукашэнка 5 кастрычніка пракамэнтаваў сваё рашэньне скасаваць забарону продажу алькагольных напояў у начны час у Менску, піша БелТА.
«Гэта бязглуздае рашэньне ўраду ў выглядзе экспэрымэнту. Напэўна, каб дагадзіць міліцыі і гэтак далей. Міліцыю я папярэдзіў. Яна мусіць працаваць у тых сацыяльна-эканамічных умовах, якія складваюцца ў дзяржаве», — сказаў Лукашэнка.
Пра што яшчэ сказаў Лукашэнка?
- Лукашэнка забараніў «у свой час» праводзіць антыалькагольныя кампаніі «безь ягонага ведама».
- «Рэч тут і не ў бюджэце, але і гэта важна».
- Забарону на начны продаж алькаголю абыдзе кожны ахвочы.
- Міліцыя зьвярнулася ва ўрад, які прапанаваў правесьці антыалькагольны экспэрымэнт.
Аляксандар Лукашэнка 2 кастрычніка скасаваў забарону продажу алькагольных напояў у Менску з 23.00 да 7.00 (з выняткам кавярняў і рэстарацыяў пры рэалізацыі алькаголю на разьліў). Забарона Менгарвыканкаму дзейнічала адзін дзень.
«Начны сухі закон» ужо ўводзілі ў Менску ў 2015 годзе: зь сярэдзіны чэрвеня да канца жніўня алькаголь тады прадавалі ў гандлёвых пунктах з 9.00 да 22.00. Тады пасьля нарады, на якой Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў урад за нерашучую абарону ўнутранага рынку алькаголю, абмежаваньні скасавалі.
Цяпер з ініцыятывай вярнуць забарону прадаваць алькаголь уначы выступалі Міністэрства аховы здароўя і МУС Беларусі.
Што яшчэ скасоўваў Лукашэнка?
У 2004 годзе Аляксандар Лукашэнка скасаваў норму правілаў дарожнага руху аб уключаных фарах транспарту ў сьветлы час.