Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менш рускай мовы, менш дэзынфармацыі. У Латвіі лічаць, што рэформа адукацыі «абароніць ад расейскай прапаганды»


Мітынг супраць адукацыйнай рэформы ў Латвіі, 4 траўня 2018 года
Мітынг супраць адукацыйнай рэформы ў Латвіі, 4 траўня 2018 года

Рэформа адукацыі ў Латвіі не пакіне шанцаў для распаўсюджваньня меркаванай расейскай прапаганды і дэзынфармацыі. Пра гэта ў інтэрвію «Эўрапейскай праўдзе» заявіў міністар адукацыі краіны Карліс Шадурскіс, камэнтуючы радыкальнае скарачэньне рускамоўнай адукацыі ў латвійскіх школах.

Паводле яго слоў, праціўнікамі новаўвядзеньняў зьяўляюцца тыя расейскія сілы, якія не жадаюць, каб рускамоўная меншасьць інтэгравалася ў латвійскае грамадзтва і захоўвала ляяльнасьць дзяржаве. Ён падкрэсьліў, што «адзіная адукацыя — гэта адзіны шлях» да згуртаваньня грамадзтва.

Работнікам адукацыі, якія ня змогуць працаваць у адпаведнасьці з новымі правіламі, прыйдзецца звольніцца, папярэдзіў міністар. Ён растлумачыў, што зь першай па шостую клясы доля адукацыі на мове нацменшасьцяў — перш за ўсё рускай — будзе складаць палову ад агульнага аб’ёму, аднак у старэйшых клясах 80 адсоткаў заняткаў будзе весьціся на дзяржаўнай мове, тады як экзамэны будуць здавацца толькі на латыскай.

У сярэдзіне верасьня ў Латвіі каля пяці тысяч чалавек выйшлі на шэсьце ў абарону рускіх школ. Арганізатарам акцыі выступіў «Рускі саюз Латвіі», які пратэстуе супраць пераходу школ на латыскую мову навучаньня і называе гэты працэс прымусовай асыміляцыяй.

Цяпер у Латвіі ёсьць два тыпу школаў — латыскія і школы нацыянальных меншасьцяў, дзе вучацца і рускамоўныя дзеці. 60 адсоткаў урокаў у нацыянальных школах выкладаюць на латыскай, 40 працэнтаў — на нацыянальнай. У красавіку прэзыдэнт Латвіі Раймандас Вэёніс зацьвердзіў зьмены ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць перавод усіх сярэдніх школ на дзяржаўную мову да 2021 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG