Журналіст Аркадзь Бабчанка 1 красавіка распавёў акалічнасьці замаху на яго жыцьцё, якое адбылося ў Кіеве 29 траўня. Дагэтуль на яго быў накладзены мараторый аб невыдаваньні.
Спойлер: журналіст вінаваціць у замаху расейскую ФСБ.
Хто такі Аркадзь Бабчанка?
Да інсцэнаванай сьмерці Аркадзь Бабчанка працаваў у Кіеве на крымскататарскім тэлеканале ATR. Ён рэзка выказваўся супраць удзелу Расеі ў канфлікце на Данбасе, таму ў лютым 2017 году Бабчанку давялося зьехаць з Расеі. Да эміграцыі ва Ўкраіну працаваў ваенным карэспандэнтам. Як прызыўнік, а пасьля як кантрактнік удзельнічаў у абедзьвюх чачэнскіх войнах.
Што новага паведаміў Бабчанка?
- Расейскія спэцслужбы запатрабавалі ў маскоўскай паліцыі, Сьледчым камітэце і ваенкамаце зьвесткі пра журналіста і ягоную жонку. У Маскве ўчастковы прыходзіў да жонкі Бабчанкі, каб удакладніць яе акаўнт у фэйсбуку. Пазьней гэтая інфармацыя зьявіцца ў «арыенціроўцы» на журналіста.
- Арганізатар замаху Барыс Герман сказаў выканаўцу Аляксею Цымбалюку, што ня мае адрасу Бабчанкі ў Кіеве. Журналіст робіць выснову, што гэтай інфармацыі ў ФСБ не было.
- У «праслушцы» Герман называе Бабчанку псэўданімам Гліст. Так звалі журналіста прадстаўнікі расейскага нацыянальна-вызваленчага руху (НОД).
- Расейскія мэдыя падхапілі інфармацыю брытанскага выданьня The Sun аб падрыхтоўцы «Ісламскай дзяржавай» тэракту ў Кіеве. «Тэракт» меў адбыцца 26 траўня, у гэты дзень было прызначана інсцэнаваньне забойства Бабчанкі, але яе перанесьлі на 29 траўня.
- Сябар Бабчанкі, расейскі палітычны уцякач, даслаў журналісту ліст, дзе паведаміў пра падрыхтоўку замаху на ягонае жыцьцё ў Вільні. За ліквідацыю сябра Бабчанкі «пасярэднікі з Украіны» прапаноўвалі 3500 даляраў.
- «Сьляды замовы тэрарыстычных актаў вядуць да кухара Пуціна Яўгена Прыгожына».
- Расейскія спэцслужбы могуць чытаць фэйсбук-мэсэнджар Бабчанкі.
- Расея рыхтавала тэракты па ўсёй Украіне. Пасьля іх правалу пачалася атака на ўкраінскіх блогераў.
- «Нічога ня скончылася. Яны будуць працягваць».
29 траўня ўкраінская паліцыя абвясьціла пра забойства Аркадзя Бабчанкі. Днём пазьней СБУ заявіла, што журналіст жывы, а забойства было інсцэнаванае з мэтай злавіць арганізатараў злачынства. 1 верасьня суд прызнаў вінаватым у арганізацыі замаху на забойства журналіста Барыса Германа, апошняга асудзілі на 4,5 года турмы.