Рэдактар фінансавага аддзелу Tut.by Дзьмітры Бобрык 25 верасьня распавёў, што падпісаў у Сьледчым камітэце дакумэнт «пра супрацоўніцтва». Журналіст сьцьвярджае, што яму і ягоным блізкім пагражалі. Свабода згадала, што стала зь беларускімі палітыкамі і актывістамі пасьля прызнаньня ў супрацоўніцтве з КДБ.
Павесіўся праз вярбоўку супрацоўнікам КДБ
Гомельскага лідэра моладзевага руху «Зубар» Андрэя Зайцава 20 сьнежня 2001 году знайшлі дома павешаным. У перадсьмяротнай запісцы Зайцаў паведаміў, што ў ягонай сьмерці вінаватыя супрацоўнікі КДБ. Ці падпісваў актывіст дакумэнт пра супрацоўніцтва невядома.
Па якой справе праходзіў?
Пасьля сьмерці Зайцава засталася касэта з запісам тэлефоннай размовы актывіста з супрацоўнікам Гомельскай абласной управы КДБ Алесем Еўсьцігнеевым. У размове Зайцаў даводзіў супрацоўніку дзяржбясьпекі, што іх наступная сустрэча адбудзецца толькі пасьля позвы ад ведамства.
Што хацелі?
Каб Зайцаў даносіў КДБ пра дзейнасьць грамадзка-палітычных структураў.
Як ціснулі?
Захаваны запіс размовы Зайцава і Еўсьцігнеева быў перапоўнены абразамі, нецэнзуршчынай, шантажом.
Што стала пасьля?
Спроба бацькі актывіста Юрыя Зайцава распачаць крымінальную справу пра давядзеньне сына да самагубства супрацоўнікам КДБ посьпеху ня мела.
Шантажавалі працягам перасьледу за ДТЗ
Летась у красавіку праз 2 тыдні пасьля вызваленьня з турмы КДБ маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што пагадзіўся на супрацу зь дзяржбясьпекай.
Па якой справе праходзіў?
Справа «Белага легіёну» разгарнулася пасьля таго, як 21 сакавіка 2017 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. У лістападзе 2017 году Сьледчы камітэт спыніў крымінальную справу, бо дзеяньні яе фігурантаў не маюць грамадзкай небясьпекі і не нанесьлі шкоды.
Што хацелі?
Каб Пальчэўскі «распавядаў нешта пра „справу патрыётаў“».
Як ціснулі?
Паводле Пальчэўскага, на першым допыце ў цэнтральным апараце КДБ ён меў размову без адваката з двума супрацоўнікамі КДБ. Пагражалі крымінальным перасьледам і пазбаўленьнем волі за ДТЗ. Летась у лютым Пальчэўскі «зьбіў на пешаходным пераходзе жанчыну», яе пашкоджаньні кваліфікавалі як «менш цяжкія». Паводле маладафронтаўца, блізкія пацярпелай патрабавалі 10 тысяч даляраў, «каб залагодзіць праблему».
Што стала пасьля?
Пасьля прызнаньня пра падпісаньня «супрацы з КДБ» Пальчэўскі далучыўся да ўкраінскіх добраахвотнікаў на Данбасе.
«Ня буду інфарматарам КДБ — у мяне продкі рэпрэсаваныя»
Юрыст Ігар Случак згадаў Свабодзе свае спробы вярбоўкі падчас навучаньня на трэцім курсе юрфаку ГДУ імя Францішка Скарыны.
Па якой справе праходзіў?
Справы не было. Намесьнік дэкану па выхаваўчай працы сарваў «сарваў» Случака з заняткаў. У дэканаце студэнта чакаў «чалавек у цывільным», які прадставіўся супрацоўнікам КДБ і прапанаваў «супрацоўніцтва».
Што хацелі?
«Сачыць і даносіць» на студэнтаў, выкладчыкаў, актывістаў апазыцыі.
Як ціснулі?
«Настойліва тэлефанавалі».
Што стала пасьля?
Случак распавёў пра спробы вярбоўкі ў СМІ. Таксама ён напісаў заяву на імя начальніка ўпраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці — прасіў правесьці праверку ў дачыненьні супрацоўніка, які спрабаваў завэрбаваць студэнта. Адказам на ліст было чарговае запрашэньне ў дэканат. Там Случака чакалі ўжо тры супрацоўнікі КДБ. Яны завезьлі яго ва ўпраўленьне для «апытаньня».
Цяпер Случак вядомы ў байнэце пад мянушкай «моўны інспэктар».
«Гэтыя дамовы ніякай юрыдычнай сілы ня маюць»
Кандыдат ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Алесь Міхалевіч у 2011 годзе прызнаўся, што падпісваў дамову з КДБ, а потым уцёк за мяжу і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
«Гэтыя дамовы ніякай юрыдычнай сілы ня маюць, гэта хутчэй дамова, каб чалавек баяўся нешта зрабіць і лічыў сябе абавязаным», — казаў Свабодзе Міхалевіч.
Па якой справе праходзіў?
Аб масавых беспарадках у Менску пасьля выбараў кіраўніка Беларусі 19 сьнежня 2010 года.
Што хацелі?
Выконваць патрабаваньні супрацоўнікаў КДБ.
Як ціснулі?
Катавалі фізычна і маральна, патрабавалі выступіць на БТ з напісаным КДБ тэкстам.
Што стала пасьля?
Пасьля атрыманьня Міхалевічам палітычнага прытулку ў Чэхіі, улады Беларусі:
- абвясьцілі вышук экс-кандыдата ў прэзыдэнты праз Інтэрпол;
- пачалі працэс экстрадыцыі Міхалевіча.
У 2015 годзе палітык вярнуўся ў Беларусь і адмовіўся ад палітычнага прытулку ў Чэхіі.
Алесь Міхалевіч дагэтуль застаецца абвінавачаным у справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году, крымінальную справу прыпынілі, але не закрылі. З базы Інтэрпол Міхалевіча выключылі ў 2012 годзе.
«Іншага шляху зь СІЗА не было»
Уладзімер Кобец, кіраўнік перадвыбарчага штабу Андрэя Саньнікава ў 2010 годзе, напісаў пра дамоўленасьць на супрацу з КДБ праз некалькі месяцаў пасьля выхаду зь СІЗА КДБ і прызнаньня Алеся Міхалевіча.
Па якой справе праходзіў?
Аб масавых беспарадках у Менску пасьля выбараў кіраўніка Беларусі 19 сьнежня 2010 года.
Што хацелі?
Паводле Кобеца, патрабаваньні супрацоўнікаў КДБ фармуляваліся як «дабраахвотнае садзейнічаньне органам дзяржбясьпекі ў рэалізацыі імі канстытуцыйных абавязкаў».
Як ціснулі?
Пагрозамі на адрас Кобеца, яго сям’і і сяброў.
«Іншага шляху зь СІЗА ў тыя дні проста не было», — тлумачыў Кобец падпісаньне дамовы з КДБ.
Што стала пасьля?
Пасьля падпісаньня супрацы з КДБ Кобеца вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе, але пагрозы працягнуліся. Цяпер палітык працуе ў «Беларускім доме ў Варшаве».