Адміністрацыя беларускага Парку высокіх тэхналёгіяў пахвалілася «небывалым ростам»: за 9 месяцаў бягучага году ў ПВТ прынялі 196 новых кампаніяў, а год таму ў яго ўваходзіла ўсяго 192 кампаніі.
Паводле ПВТ, гэта адыблася дзякуючы «ІТ-дэкрэту», які дазволіў пашырыць сьпіс відаў дзейнасьці кампаніяў-рэзыдэнтаў. Акрамя таго, паводле ПВТ:
- Цяпер у ПВТ 388 кампаніяў.
- Капіталізацыя кампаніяў ПВТ складае 7,68 млрд даляраў.
- За першую палову 2018 году ў рэзыдэнтаў ПВТ экспарт вырас на 40%, і гэта без уліку новых кампаніяў.
- Бягучы год мае ўсе шанцы зноў стаць рэкордным, а ў мінулым годзе кампаніі ПВТ наэкспартавалі на мільярд даляраў — гэта як экспарт усяго вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.
- Больш за 60 новых кампаніяў у ПВТ заснаваныя беларусамі. У склад ПВТ увайшлі кампаніі з Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Ізраілю, Кіпру, Кітаю, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Расеі, Францыі. Ёсьць і амэрыканскія кампаніі – у тым ліку адна з Крэмніевай даліны і адна, акцыі якой прадаюцца на Нью-Ёркскай фондавай біржы.
- У ліку новых рэзыдэнтаў ПВТ кампаніі, якія распрацоўваюць абсталяваньне для радыяцыйнага кантролю і касьмічных палётаў, мэдыцынскія прыборы для дыстанцыйнага маніторынгу пацыентаў, зарадныя станцыі для электрамабіляў, штучны інтэлект для грузаперавозак.
Якія льготы маюць рэзыдэнты ПВТ
Далучэньне да ПВТ новых чальцоў ня значыць утварэньне новых кампаніяў — далучаюцца ўжо дзейныя, каб атрымаць льготы.
Цяпер кампаніі-рэзыдэнты ПВТ вызваленыя ад сплаты
- ўсіх карпаратыўных падаткаў: падатку на дададзеную вартасьць па абаротах ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, маёмасных правоў на тэрыторыі Беларусі; падатку на прыбытак;
- падатку на нерухомасьць з аб'ектаў на тэрыторыі ПВТ.
- Апроч таго, для іх супрацоўнікаў паніжаны індывідуальны падаходны падатак (з 13% да 9%), які не ўключаецца ў сукупны гадавы даход.
- Таксама кампаніям дазволена выплачваць адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва зыходзячы зь сярэдняй зарплаты па краіне, якая ў разы меншая, чым заробкі айцішнікаў. Замест усяго гэтага рэзыдэнты плацяць 1% ад уласнай выручкі на карысьць адміністрацыі ПВТ.