Аляксандар Лукашэнка прызначыў экс-кіраўніка Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Ігара Бузоўскага намесьнікам міністра інфармацыі Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
46-гадовы Бузоўскі даволі даўно знаходзіцца ў вэртыкалі ўлады. Выхадзец з Горадзеншчыны, ён скончыў Менскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча і Расейскую акадэмію дзяржслужбы.
З 2005 па 2010 год працаваў у ідэалягічным упраўленьні адміністрацыі Лукашэнкі. Цягам чатырох год (да сьнежня 2014-га) узначальваў БРСМ, затым на два гады стаў намесьнікам старшыні адміністрацыі Лукашэнкі і нефармальным «галоўным ідэолягам», але быў звольнены з фармулёўкай «у сувязі зь пераходам на іншую працу».
З сакавіка 2017-га быў прызначаны кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску.
Абнаўленьні ў Мінінфармацыі
У верасьні 2017 Лукашэнка прызначыў прафэсійнага вайскоўца, журналіста, кіраўніка выдавецкага дому «Звязда» Аляксандра Карлюкевіча на пасаду міністра інфармацыі, якую апошнія тры гады займала Лілія Ананіч. У студзені 2018 году былы кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі і саветнік-пасланьнік амбасады Беларусі ў Расеі Павал Лёгкі быў прызначаны першым намесьнікам міністра інфармацыі Беларусі.
Дырэктар ПВТ, вязень калёніі, лідэр прафсаюзаў… Што стала з былымі кіраўнікамі БРСМ
Акрамя таго, Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне Генадзя Трубілы першым намесьнікам міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, Віталя Сьмірнова — намесьнікам міністра ЖКГ. Мікалай Рагашчук прызначаны на пасаду намесьніка старшыні Менскага аблвыканкаму.