Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорская міліцыя лічыць праваабаронцу адказнай за флэшмоб супраць кітайскага заводу


Флэшмоб супраць будаўніцтва завода ў Сьветлагорску. 15 верасьня 2018 году
Флэшмоб супраць будаўніцтва завода ў Сьветлагорску. 15 верасьня 2018 году

Праваабаронца Алена Масьлюкова атрымала позву ў Сьветлагорскі РАУС на 20 верасьня. Міліцыя чакае праваабаронцу «ў якасьці асобы, у дачыненьні якой вядзецца адміністрацыйны працэс». У дакумэнце пазначана, што Масьлюкова прыцягваецца да адказнасьці за несанкцыянаваны мітынг.

Гаворка ідзе пра флэшмоб супраць выкідаў з кітайскага заводу, які прайшоў у Сьветлагорску 15 верасьня. Каля 200 жыхароў Сьветлагорску сабраліся на цэнтральнай плошчы. Людзі былі ў мэдыцынскіх масках, трымалі ў руках зялёныя паветраныя шары. Такім чынам яны выказвалі сваё абурэньне смуродам і шкоднымі выкідамі, якімі «ўзнагародзіў» горад новы завод беленай цэлюлёзы.

Паміж жыхарамі райцэнтру хадзіў міліцыянт Яўген Бяспалька і папярэджваў праз мэгафон, што «мерапрыемства несанкцыянаванае».

За флэшмобам назірала праваабаронца Алена Масьлюкова. Яна прыйшла да высновы, што гэтая акцыя ня мітынг, не пікет, бо транспарантаў і плякатаў не было, ніхто не выстаўляў ніякіх патрабаваньняў.

Цяпер жа міліцыя вырашыла, што ў арганізацыі ці ўдзеле ў флэшмобе можа быць вінаватая праваабаронца. Таксама позву ў сьветлагорскую міліцыю паводле артыкулу за несанкцыянаваны мітынг атрымаў грамадзкі актывіст Анатоль Зьмітровіч.

Алена Масьлюкова (архіўнае фота)
Алена Масьлюкова (архіўнае фота)

«Мы цяпер у выканкаме, падаём чарговую заяўку на мітынг у горадзе супраць заводу. Просім дазвол уладаў на масавае мерапрыемства на 29 верасьня, а таксама 6 і 7 кастрычніка», — сказала Свабодзе Алена Масьлюкова.

Яна дадала, што арганізатары флэшмобу вядомыя — гэта кіраўніцтва Сьветлагорскага ЦКК і райвыканкаму. «Учора ў Сьветлагорску быў смурод, праўда, нямоцны; сёньня „пахамі“ накрыла Якімаву Слабаду», — зазначыла праваабаронца.

Ініцыятыўная група маніторынгу сытуацыі з заводам падавала ў выканкам заяўку на мітынг на 15 верасьня. Але адзіную ў горадзе пляцоўку, вызначаную для мітынгаў і пікетаў (стадыён «Бумажник») у прызначаны дзень акупаваў БРСМ. Там праходзіла сьвята «Валадар сяла». Тады жыхары райцэнтру дамовіліся праз сацыяльныя сеткі правесьці флэшмоб.

Ранкам 15 верасьня ў пракуратуру выклікалі праваабаронцу Алену Масьлюкову і актывіста Анатоля Зьмітровіча. Пракурор раёну афіцыйна папярэдзіў іх пра адказнасьць за ўдзел ці арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG