Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка на сустрэчы з экзархамі: Кіеў на «фінішнай прамой» у пытаньні атрыманьня аўтакефаліі


Кіеў, хросны ход «за адзіную памесную царкву»
Кіеў, хросны ход «за адзіную памесную царкву»

Украіна выйшла на фінішную прамую ў пытаньні атрыманьня аўтакефаліі праваслаўнай царквы, заявіў прэзыдэнт Пятро Парашэнка падчас сустрэчы з экзархамі Канстантынопальскага патрыярхату.

«Мы разам, асабліва ў апошнія тры гады, прайшлі гэты шлях, і ў рамках гэтага шляху цяпер ужо можам сказаць, што выйшлі на фінішную прамую», — сказаў прэзыдэнт Украіны, адзначыўшы, што ўстанаўленьне адзінай памеснай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне павінна стаць сымбалем узьяднаньня краіны і міру.

Экзархі для Ўкраіны, назначаныя Канстантынопальскім патрыярхам Варфаламеем, — архіяпіскап Данііл Памфілійскі і япіскап Іларыён Эдмантанскі — заявілі, што пытаньне аб аўтакефаліі, гэта значыць поўнай самастойнасьці ўкраінскай царквы, зьяўляецца «ўжо вырашаным», і цяпер неабходна яго належным чынам аформіць. Паводле іх, яны гатовыя сустрэцца зь дзеячамі розных праваслаўных суполак Украіны, каб спрыяць адзінству вернікаў у краіне.

«Безумоўна, мы гатовыя да дыялёгу і супрацоўніцтва з Украінскай праваслаўнай царквой у юрысдыкцыі Расейскай праваслаўнай царквы, а таксама з Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой. Мы ня маем ніякай прадузятасьці, каб сустракацца з прадстаўнікамі розных рэлігійных арганізацый, даведацца іх меркаваньне і канструктыўна зь імі супрацоўнічаць», — адзначыў архіяпіскап Данііл.

На мінулым тыдні Сынод Рускай праваслаўнай царквы вырашыў, што ў храмах Маскоўскага патрыярхату прыпыняецца малітоўнае памінаньне Канстантынопальскага патрыярха Варфаламея. Акрамя гэтага, прыпыняецца сумеснае служэньне сьвятароў Маскоўскага і Канстантынопальскага патрыярхатаў праваслаўнай царквы. А кіраўнік Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў РПЦ мітрапаліт Іларыён сказаў, што не выключае кровапраліцьця, калі вернікі Кіеўскага патрыярхату Ўкраінскай праваслаўнай царквы захочуць пераняць царкоўную маёмасьць, якой цяпер распараджаецца Маскоўскі патрыярхат Рускай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG