16 верасьня на плошчу Леніна ў Берасьці зноў прыйшлі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Яны кармілі галубоў, стаялі групамі і абмяркоўвалі апошнія навіны, зьвязаныя з будаўніцтвам прадпрымства, паведамляе БелаПАН.
Больш як 60 чалавек гаварылі на плошчы пра тое, будаўніцтва прадпрыемства каля Берасьця нанясе непапраўную шкоду здароўю жыхароў і вакольнаму асяродзьдзю, таму яго неабходна спыніць.
Адзін з актывістаў, Дзьмітры Бекалюк, расказаў, што 15 верасьня званіў на простую лінію старшыні Берасьцейскага албвыканкаму Анатоля Ліса. Ён хацеў задаць пытаньні наконт будаўніцтва заводу, але апэратарка простай лініі яго з чыноўнікам не злучыла.
Акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» — рэзыдэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
У траўні актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця — як сьцьвярджаецца ў пэтыцыі, тыя «нядобрасумленна выконваюць свае прамыя службовыя абавязкі, ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду, якая чыніцца навакольнаму асяродзьдзю і здароўю людзей».
Берасьцейскія ўлады ўжо ня раз забаранялі мітынгі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, а берасьцейскіх блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.