Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зажымаюць дзяцей, страляюцца, вешаюцца ў тым войску» — у вёсцы Ятра разьвіталіся з салдатам, які загінуў падчас службы


Невядомыя хлопцы ў спартовых гарнітурах не давалі журналістам наблізіцца да пахаваньня.

26-гадовага Сяргея Ясюкевіча пахавалі ў вёсцы Ятра Наваградзкага раёну. Ягонае цела знайшлі ў лесе. Афіцыйна сьцьвярджаецца, што ён зьнік з часткі 5 верасьня. Мужчына пакінуў перадсьмяротную запіску. Мяркуецца, што ён скончыў жыцьцё самагубствам.

Сваякі нябожчыка да журналістаў паставіліся варожа. Здымаць і набліжацца да пахавальнай працэсіі забаранілі. Разьвітацца з маладым салдатам прыйшла ці ня ўся нешматлікая вёска. Прывезьлі каля трох дзясяткаў салдат.

Зьбірацца на разьвітаньне з маладым чалавекам аднавяскоўцы сталі за некалькі гадзін каля дома, дзе раней жыла сям’я Ясюкевічаў. Кватэра іх даўно нежылая.

«Ня памятаю нават, калі і бачыў яго», — кажа сусед з дома насупраць.

Настаўніцы мясцовай школы чакалі разьвітаньня на лаўцы. Кажуць, Сяргей быў вельмі здатны да вучобы. «Я яго мала вучыла, але ён мне вельмі спадабаўся. Вучыла б яго з прыемнасьцю. Нічога кепскага пра яго сказаць не магу. Не было такіх выпадкаў, каб мы не маглі даць яму рады», — кажа адна з настаўніц.

Дом, дзе калісьці жыла маці загінулага
Дом, дзе калісьці жыла маці загінулага

«Хлапец як хлапец. Разумны вельмі. Асабліва і ўрокаў не вучыў, а заўжды на пяцёркі адказваў», — кажа вяскоўка.

Сяргея ў вёсцы моцна шкадуюць. Кажуць, ён быў вельмі блізкі з бацькам, таксама Сяргеем, які загінуў у 2011 годзе. У праблемах хлопца некаторыя вінавацяць маці — маўляў, не дагледзела. Таму былі ў яго і судзімасьці. Стрыечная сястра Сяргея казала раней Радыё Свабода, што ён двойчы быў судзімы за крадзеж.

«Ён чалавек нялёгкага лёсу. У маладым узросьце трапіў пад уплыў кепскай кампаніі і два разы быў судзімы за крадзеж. Але ў турме ня быў, у якасьці пакараньня было вольнае пасяленьне. Калі вярнуўся, троху працаваў у Маскве.

Калі яму было 25 гадоў, некалькі разоў казаў мне, што хоча пайсьці ў войска і застацца там працаваць па кантракце. Але праблема ў тым, што з судзімасьцю вельмі цяжка трапіць у войска. Ведаю, што ён некалькі разоў да ваенкама ездзіў у Наваградак, прасіўся. У выніку ўзялі, пачаў служыць», — казала сястра.

Аднавяскоўцы зьбіраюцца на разьвітаньне
Аднавяскоўцы зьбіраюцца на разьвітаньне

«Нармальны хлапец быў, — кажа аднавяскоўка Сяргея. — Працаваў недзе ў Расеі. Тут на фэрме працаваў. Сяброў у яго асабліва не было. Пакуль бацька жыў, ён для яго быў і сябар, і брат, і бацька».

«Ніхто Сяргея ў войска не праваджаў, — кажуць людзі. — Мы ўжо даведаліся пра гэта, калі ён служыў. Ніякіх провадаў, нічога тут не было. Ведаем, што маці лісты пісаў, прасіў, каб грошы яму перасылала».

Картэж з Горадні з труной салдата
Картэж з Горадні з труной салдата

Пра тое, што Сяргей Ясюкевіч прасіў грошы, калі быў у войску, распавядала і сястра Вольга. Паводле яе словаў, яна ня раз перасылала грошы на невядомую ёй банкаўскую картку.

У вёсцы пераказваюць адзін аднаму, што Сяргей сышоўся з жанчынай, калі быў «на хіміі».

«Узялі крэдыт, купілі хату, а пасьля яна выгнала яго, а крэдыт на ім застаўся, — абмяркоўваюць людзі паміж сабой. — То, можа, і праз гэты крэдыт?» (скончыў жыцьцё самагубствам).

«Хлапец быў ён спакойны, не выдзелываўся асабліва, — кажа мужчына. — Неблагі, памагчы мог. А што там у войску адбылося, ніхто ж ня ведае. У нас толькі Лукашэнка кажа, што ўсё нармальна. Зажымаюць гэтых дзяцей, страляюцца, вешаюцца ў тым войску. І мой сын служыў — яго білі, і ў яе во сын служыў — як лупілі. Яна тут і плакала, і лямантавала», — паказвае ён на аднавяскоўку.

«Так, было. Пасылала і грошы, і ўсё», — пацьвярджае жанчына. — І стрыечная сястра Сяргея казала, што пасылала яму штомесяц 20 рублёў на картку».

«Ён жа ў войску хацеў застацца на кантракт, — кажа іншая спадарыня. — І ў праўленьне калгаснае званілі адтуль, пыталіся, які ён, што за сям’я. І пасьля адмовілі яму там у тым кантракце».

«Не было яму куды вяртацца. Вунь іх дом стаіць, усё закінута там, разбурана. Вы вёску бачылі? Тут пару чалавек усяго жыве — пазабытыя, пазакінутыя. У нас „Вэлком“ ня цягне. Усе стараюцца адсюль змыцца, калі ў кагосьці атрымліваецца. А моладзі то любы бацька скажа — „Зьбягай адсюль хутчэй“».

«Дажываем, карацей», — падтаквае жанчына.

«А што зробіш? Працы няма, якія тут заробкі!»

«Як яшчэ ўборка, то 500, а як няма ўборкі, то базавую плацяць», — кажа жанчына. — Добра, што гаспадарка, сьвіньня, куры«.

Труну зь целам Сяргея на руках данесьлі да вясковага крыжа. А пасьля працэсія рушыла на могілкі на машынах. Журналістам да месца пахаваньня наблізіцца не дазвалялі маладыя людзі ў спартовых гарнітурах. Яны прыехалі разам з салдатамі тэрміновай службы на вайсковым МАЗе. Назваць сябе адмаўляліся: «Мы ягоныя сябры». Пасьля пахаваньня некалькі слоў сказаў намесьнік камандзіра брыгады палкоўнік Іван Марыеў.

Намесьнік камандзіра брыгады палкоўнік Іван Марыеў
Намесьнік камандзіра брыгады палкоўнік Іван Марыеў

«Я не магу нічога камэнтаваць, бо сам нічога ня ведаю. Усе размовы ў Сьледчым камітэце», — кажа палкоўнік. — Маці яго была супраць вашай тут прысутнасьці. Гэта ейныя словы".

Прадстаўнік Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч сказаў Радыё Свабода, што па факце сьмерці салдата праводзіцца праверка.

Пахавалі Сяргея Ясюкевіча побач з бацькам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG