Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістцы «Белсату» прысудзілі дзясяты штраф за год і абмежавалі выезд зь Беларусі

абноўлена

Вольга Чайчыц
Вольга Чайчыц

Штрафы «Белсату» за няпоўныя 9 месяцаў бягучага году ўжо перавысілі суму за цэлы 2017 год.

Суд Дзяржынскага раёну 10 верасьня прысудзіў штраф 40 базавых велічыняў (980 рублёў) за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КаАП РБ), піша «Белсат».

На гэты раз Вольгу Чайчыц аштрафавалі за фотарэпартаж зь пікету абаронцаў Курапатаў ля рэстарацыі «Поедем поедим». Як адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна», супрацоўнік міліцыі ў пратаколе пазначыў, што Чайчыц «перавысіла паўнамоцтвы журналіста і парушыла журналісцкія абавязкі» (у чым гэта выявілася, не ўдакладняецца), але ў пастанову суду фармулёўка не ўвайшла.

У Вольгі Чайчыц гэта ўжо дзясяты штраф за 2018 год, агульная сума дасягнула 8330 рублёў. Журналістаў, якія супрацоўнічаюць зь «Белсатам», разам наштрафавалі за бягучы год на 60 662 рублі.

Гэта ўжо больш, чым за ўвесь мінулы год — тады сума была ў раёне 50 тысячаў рублёў (у дадатак у тэлеканала сканфіскавалі тэхніку больш чым на 20 тысяч эўра).

Акрамя таго, як паведамляе «Белсат», 11 верасьня судовая выканаўца Яна Васюк выклікала Вольгу Чайчыц, а таксама апэратара тэлеканала Андруся Козела і паведаміла, што ім абмежавалі выезд з краіны. Журналісты паказалі квітанцыі аб аплаце ўсіх штрафаў, але ім адказалі, што немагчыма праверыць, ці ўся сума сплачаная — бо «не працуе база». Судовая выканаўца таксама папрасіла прывезьці ўсе квітанцыі аб аплаце штрафаў за мінулы год. Пры гэтым зьняць абмежаваньне на выезд можна будзе не раней, чым запрацуе база, а калі гэта адбудзецца — невядома.

На наступным тыдні ў Вольгі Чайчыц заплянаваныя сустрэчы ў Парыжы ў Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў з прадстаўнікамі арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», з дэпутатамі і інш. Пазьней Чайчыц плянавала накіравацца на сустрэчы ў Брусэль — у Эўрапарлямэнт і ў Эўракамісію — каб распавесьці пра сытуацыю з мэдыямі ў Беларусі. Журналістка лічыць, што гэта сапраўдная прычына забароны на выезд, паведамляе «Белсат».

Прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Аляксей Мінчонак тлумачыў ціск на «Белсат» тым, што «улады асэнсавалі, што „Белсат“ ёсьць адным зь вядучых мэдыяў у Беларусі». Ён у 2017 годзе называў вынікі апытаньняў, паводле якіх 12% беларусаў стала глядзяць «Белсат», 30% ведаюць пра тэлеканал, які не пускаюць у кабэльную сетку. Маўляў, гэта «паказьнік на ўзроўні асноўных дзяржаўных тэлеканалаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG