Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах адбываецца мітынг. Відэа


Фота з Фэйсбуку Юрыя Меляшкевіча
Фота з Фэйсбуку Юрыя Меляшкевіча

Каля 60 чалавек удзельнічаюць у сходзе абаронцаў Курапатаў, які пачаўся а 16 гадзіне на тэрыторыі ўрочышча.

​Акцыя пачалася з сумеснай малітвы. Пасьля яе ўдзельнікі накіраваліся да рэстарацыі «Паедзем паядзім», дзе праводзяць мітынг. Таксама актывісты плянуюць паўторна зьбіраць подпісы пад зваротам да ўладаў з патрабаваньнем забараніць працу ўстановы паблізу месца расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

За заклікі да ўдзелу ў сходзе сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец 6 верасьня быў арыштаваны на 10 сутак. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Менскага раённага суду Аляксей Кропачаў. Севярынец прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторнае парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Суд палічыў правапарушэньнем, што палітык заклікаў людзей удзельнічаць у недазволенай уладамі акцыі 9 верасьня ў Курапатах.

Раней Севярынец заявіў, што 9 верасьня будзе «вельмі важным днём у справе абароны Курапатаў». «У гэты дзень будзе праведзенае своеасаблівае выпрабаваньне, у якім фармаце пратэставаць супраць працы рэстарацыі. Мы зьбіраемся правесьці каля рэстарацыі сход, дзе выступяць лідэры партыяў і рухаў, абаронцы Курапатаў. Будзем таксама зьбіраць подпісы для паўторных зваротаў у дзяржаўныя органы», — сказаў ён.

«Калі прыйдзе пара дзясяткаў чалавек, тады фармат абароны Курапатаў, магчыма, давядзецца скарачаць да выхадных дзён. Калі прыйдзе хоць бы 150–200 чалавек, то гэта будзе азначаць, што людзі гатовыя прастаяць да „Дзядоў“ або да перамогі. У залежнасьці ад колькасьці людзей і будзе вырашацца, якой быць далейшай абароне Курапатаў. Гэта будзе тэст на сталасьць беларускага грамадзтва, ці гатовае яно абараніць памяць сваіх продкаў, свой народ і сваю краіну», — заявіў Севярынец.

Палітык паведаміў, што накіраваў у Менскі райвыканкам апавяшчэньне аб намеры правесьці 9 верасьня ў Курапатах сход грамадзянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG