З 7 верасьня 2018 году Рассельгаснагляд уводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўкі ў Расею прадукцыі з ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» у сувязі з выяўленьнем «у гатовых мясных вырабах прадпрыемства ДНК віруса афрыканскай чумы сьвіней», гаворыцца на сайце ведамства.
Акрамя таго, «у сувязі з паўтаральнымі выпадкамі выяўленьня ДНК віруса афрыканскай чумы сьвіней у гатовых мясных вырабах» Рассельгаснагляд пакідае за сабой права ўвесьці абмежаваньні на ўсю гатовую мясную прадукцыю з утрыманьнем сьвініны, якая паступае ў Расею зь Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні.
Раней Рассельгаснагляд ужо ўводзіў часовыя абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі «Гродзенскага мясакамбінату», але адмяніў іх з 16 ліпеня 2018 году пад гарантыі Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі ў мэтах выкананьня Дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва.
Напярэдадні 6 верасьня Рассельгаснагляд пастанавіў увесьці рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю чатырох беларускіх прадпрыемстваў: «Брэсцкія традыцыі» (частка Берасьцейскага мясакамбінату), берасьцейскага «Старфуд» і птушкафабрыкі «Рассвет», што пад Гомлем, а таксама супраць Жыровіцкага райпа.
Ведамства назвала прычынай кантролю выяўленьне какцыдыястатыкаў — рэчываў, прызначаных для лячэньня інфэкцыйных захворваньняў жывёлаў. У чалавека гэтыя рэчывы могуць выклікаць дысбактэрыёз, аслабленьне імунітэту, частыя прастуды, алергію і іншае. Апошняе ў сьпісе прадпрыемства трапіла туды не за какцыдыястатыкі, а за кішэчную палачку ў ялавічыне.
Між Беларусьсю і Расеяй трываюць спрэчкі наконт экспарту беларускай прадукцыі, якія называюць «малочнымі» і «мяснымі» войнамі. Часта беларускі бок называе прэтэнзіі расейскага (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі.
У ліпені беларускія чыноўнікі чарговы раз выпраўляліся ў Маскву, каб спыніць «малочныя войны», але пасьля гэтага прэтэнзіі да малака і іншых прадуктаў з расейскага боку не спыніліся. Аляксандар Лукашэнка абвінавачваў у пастаўках санкцыйных прадуктаў у Расею менавіта расейцаў — «зь цяжкімі пагонамі». Пра гандлёвыя спрэчкі ён казаў, што «расейцы паводзяць сябе па-барбарску».
На 6 верасьня ў Маскве заплянаваныя перамовы кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта з намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, дырэктарам Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Іванам Сьмільгінем.