Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пані Понюшка» пачала збор грошай на беларускую азбуку для дзяцей і бацькоў


«Сьвет літар пані Понюшкі», фрагмэнт
«Сьвет літар пані Понюшкі», фрагмэнт

На сайце Ulej.by распачаўся збор грошай на «Сьвет літар пані Понюшкі» — ілюстраваную дзіцячую азбуку. На выданьне кнігі трэба сабраць 2300 рублёў, адзін экзэмпляр каштуе 14 рублёў.

Плянуецца выдаць кнігу на прыблізна 40 старонках з крэйдавай паперы ў цьвёрдай вокладцы. На самым пачатку кнігі зьмешчаны альфабэт, тлумачацца ягоныя асаблівасьці, далей – старонкі на тэму кожнай літары. Пабачыць частку кнігі (ад А да Ж) можна тут.

Аўтарка тэксту і малюнкаў — Ганна Шчуко (яна ж «пані Понюшка»), архітэктарка паводле адукацыі, а цяпер мастачка і майстра народных рамёстваў. Яна кажа Свабодзе, што кніга будзе незвычайная па колеравым рашэньні — «не клясычная» ў параўнаньні з ужо выдадзенымі беларускімі азбукамі.

«Гэта будзе азбука зручнага фармату, вельмі насычаная і яркая па колерах, але гэтыя колеры гарманічныя ў спалучэньнях, — кажа Ганна Шчуко. — Гэта як варыянт новага эстэтычнага бачаньня для дзіцяці.

На кожнай карцінцы сабраныя некалькі словаў на адну і тую ж літару, якія складаюць цэльны сюжэт. Чытаючы разам зь дзіцем азбуку, бацькі могуць уводзіць невялікі інтэрактыў: прасіць знайсьці на малюнку ўсе прадметы і герояў на пэўную літару».

Аўтарка дадае, што кніга разьлічаная ня толькі на беларускамоўных дзяцей, але і на расейскамоўных дзяцей і іхных бацькоў, якія хочуць вывучаць беларускую мову.

У кнізе будуць як простыя словы, адлюстраваныя на малюнках, так і даволі спэцыфічныя — назвы танцаў або элемэнты народнай архітэктуры. Магчыма, кажа Ганна, бацькі і не заўсёды змогуць без падрыхтоўкі растлумачыць дзіцяці, што значыць тое ці іншае слова з азбукі — таму кніга карысная яшчэ і тым, што правакуе на большае заглыбленьне ў беларускую мову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG