Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэафэйк: Расейцы паказалі, як новыя зьнішчальнікі «разбамбілі» мост у Беларусі


Расейскі сайт Lenta.ru апублікаваў відэа пра стварэньне новага расейскага зьнішчальніка Су-57. У відэа скарыстаныя кадры падрыву моста цераз Прыпяць паміж Туравам і Жыткавічамі.

Error rendering VK.

​У відэа Lenta.ru зьнішчальнікі спачатку робяць запуск ракет, пасьля без аніякіх пазнак зьяўляюцца кадры падрыву мосту праз Прыпяць, зробленага Міністэрствам па надзвычайных сытуацыях Беларусі.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства надзвычайных справаў Беларусі Віталь Навіцкі расказаў Свабодзе, што ня зьдзіўлены такім выкарыстаньнем відэа:

«Мы прывыклі, што нашыя якасныя матэрыялы выкарыстоўваюцца як ілюстрацыі для розных тэмаў і ў розных сюжэтах, як, напрыклад, у нядаўнім кліпе гурту DDT. Што тычыцца нашых дзеяньняў, мы працягнем ствараць якасны кантэнт для наведвальнікаў нашага сайту і нашых старонак у сацыяльных сетках».

Аварыйны ўчастак мосту цераз Прыпяць паміж Туравам і Жыткавічамі ўзарвалі 25 траўня. У сьнежні 2017 году мост даў трэшчыну, рух транспарту і пешаходаў па ім быў спынены.

Як узрывалі мост цераз Прыпяць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:57 0:00

​Су-57 распрацоўваюць на замену цяжкога зьнішчальніка Су-27. Першы палёт Су-57 зьдзейсьніў у 2013 годзе, дробнасэрыйная вытворчасьць самалёта пачалася ў 2013 годзе. Сэрыйныя пастаўкі зьнішчальніка ў часткі плянуюць пачаць у 2018-2019 гадах.

Заснаваная ў 1999 годзе, Lenta.ru да сакавіка 2014 году дзейнічала фактычна як незалежнае выданьне, у тым ліку пісала на тэмы, якія ў Расеі лічацца «лібэральнымі». Але пасьля зьмены кіраўніцтва «Лента» заняла выразна праўладную пазыцыю, часам выказвалася супраць беларускай апазыцыі. За звольненай кіраўніцай сайту «Лента» Галіны Цімчанкі сышла вялікая частка рэдакцыі, стварыўшы інтэрнэт-выданьне Meduza, а таксама vk-суполку «Лентач».

Паводле зьвестак SimilarWeb Lenta.ru цяпер займае 31 пазыцыю ў рэйтынгу расейскіх сайтаў. У жніўні партал наведалі 127,5 млн разоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG