«Я быў „палявым камандзірам“ вулічнага супраціву ў Менску», — тлумачыць заўсёдны інтарэс да сябе з боку спэцслужбаў былы актывіст «Маладога фронту» і «Зубра» Павал Юхневіч. Пра гады змаганьня, цяжкасьці пераходу да «мірнага жыцьця» і спадзевы на будучыню — у працягу праекту Свабоды «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён».
У 1999 годзе 14-гадовы мянчук Павал Юхневіч распачаў сваю «палітычную біяграфію», стаўшы сябрам «Маладога фронту»: «Паўлу Севярынцу, які нас прымаў, сказаў, што хачу быць сярод маладых людзей, якія будуюць новую Беларусь».
Далей былі сотні вулічных акцый, затрыманьняў і зьняволеньняў актывіста моладзевай арганізацыі «Зубр», пазьней — «Эўрапейскай Беларусі» і руху «Джынс за свабоду».
Непаўналетняга Паўла з пастарункаў вельмі часта забірала маці.
«Мама прыяжджала па мяне, а ў выніку часам забірала яшчэ пяцярых — такіх жа непаўналетніх. Тата быў „лукашыстам“, але ягоныя сябры „паўплывалі“, і ўрэшце ў 2001 годзе ён ужо галасаваў за адзінага кандыдата».
У 11 клясе, за паўгода да выпускных іспытаў, Паўла выключылі са школы за палітычную актыўнасьць. Скончыў ён школу толькі празь сем гадоў, здаўшы іспыты экстэрнам.
«У мяне быў настолькі моцны стрэс ад школы і літаральна нянавісьць да яе, што я ня мог нават глядзець у той бок — проста трэсла і ванітавала».
На сустрэчу з Далай Ламам ён «прарваўся» разам са сваімі сябрамі і паплечнікамі, каб папрасіць заступіцца за беларускіх палітвязьняў. «Ён паціснуў кожнаму з нас руку — надзвычайнае ўражаньне. У яго такая моцная энэргетыка, што нібыта Бога за руку трымаеш», — узгадвае Павал.
За некалькі гадзін да новага 2011 году Паўла Юхневіча затрымалі і адвезьлі ў турму на вуліцы Акрэсьціна — працяг жорсткага разгону масавай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.
З 15 гадоў Павал рабіў на будоўлі і на канвэернай вытворчасьці. Апошнія гады працуе спэцыялістам па продажы аўтамабільных шын у прыватнай кампаніі.
Мае жонку і дзьвюх непаўналетніх дачок. Сяброўства ў палітычных партыях і рухах перапыніў.
«Школа — паўнавартасны рэпрэсіўны апарат»
— Што вас найбольш уразіла і што сталася «навукаю» за гады актыўнага грамадзка-палітычнага жыцьця?
— Гэта быў час хуткага сталеньня. Я тады ўпершыню адчуў, як дарослыя могуць ашукваць, а бацькі ня ведаюць, як весьці з табой дыялёг. Да прыкладу, калі я далучыўся да «Маладога фронту» ў 8 клясе, то даведаўся, што мая клясная кіраўніца (а па сумяшчальніцтве — выкладчыца беларускай мовы) дакладвала пра гэта дырэктару.
25 сакавіка 2000 году нам, як і ўсім менскім школьнікам, забаранілі пакідаць школу. Але я сышоў на сьвяткаваньне Дня Волі і быў затрыманы — пачаліся «разборкі». Памятаю, калі прыйшоў з маці ў школу, у кляснай кіраўніцы так трэсьліся рукі, што ключы ў іх зьвінелі.
А яшчэ быў завуч па выхаваўчай працы, які выклікаў на мяне міліцыю — забіралі проста са школы ва ўсіх на вачах. Таму разуменьне таго, што школа — паўнавартасны рэпрэсіўны апарат, у мяне склалася на ўсё жыцьцё.
— Ці не шкадуеце аб тых стрэсах і перажываньнях і агулам — аб часе, патрачаным у пастарунках і на «сутках»?
— Мая жыцьцёвая пазыцыя — ні аб чым ніколі не шкадаваць. Інакш ты застаесься ў мінулым і ня рухаесься наперад. А «вазок» са шкадаваньнем расьце, расьце, расьце — і ў нейкі момант можа пацягнуць цябе назад.
Шкадую, хіба, што так і не атрымаў вышэйшай адукацыі. Спрабаваў дыстанцыйна навучацца ў ЭГУ. Аднак прыйшло разуменьне, што мушу менш працаваць, каб пакідаць час і на вучобу. Але калі ты ўжо ў пэўным узросьце, жывеш самастойна, то мусіш сябе і забясьпечваць. Таму выбраў працу.
Шкадую, хіба, што так і не атрымаў вышэйшай адукацыі
І яшчэ шкадую, што, на жаль, жыцьцё складаецца так, што кагосьці з тых людзей, якія былі побач, няма ў Беларусі, а кагосьці — няма сярод жывых.
— А ці ніколі ня думалі зьехаць?
— Адзіны момант, калі я пра гэта думаў, — гэта пасьля выбараў 2010 году. Усе, абсалютна ўсе мае сябры былі альбо за кратамі, альбо за мяжой у вымушанай эміграцыі. Ня зьехаў, але спакойна стаўлюся да тых, хто зьяжджае — гэта натуральны працэс, і беларусаў багата ў сьвеце.
«Без адрэналіну ў крыві пачынаецца „ломка“»
— Ці можаце сказаць, што вы «адбыліся» ў жыцьці, рэалізаваліся і ўсім задаволеныя?
— Я магу сказаць дакладна, што адбыўся як нацыяналіст і патрыёт сваёй краіны. Сам адбыўся і спрабаваў укласьці гэта ў людзей, якія былі са мной побач. Я ніколі нідзе не хаваў сваіх поглядаў і ў выніку магу сказаць так: калі ты носьбіт нацыянальнай ідэі, мусіш, як пастар у царкве, яе прасоўваць спакойна і настойліва. І гэта працуе. Але я думаю, што ўсё самае цікавае яшчэ наперадзе.
Чым яшчэ карысная апазыцыйная дзейнасьць? Ты ня так шмат пражыў, але атрымаў вельмі грунтоўны жыцьцёвы досьвед. Ёсьць, вядома, і хібы. Калі звык, што ў тваёй крыві заўжды ёсьць пэўны ўзровень адрэналіну, і калі раптам ён зьнікае, то пачынаецца «ломка».
Калі змаганьне займала ўсё тваё жыцьцё, то ўсё, што адбываецца ў палітыцы, успрымаецца вельмі сур’ёзна. Можа, камусьці сьмешная такая аналёгія, але ты як жаўнер, які «адваяваў» і вяртаецца ў цывільнае жыцьцё.
Ведаю выпадкі, калі людзі пачыналі ўжываць алькаголь ці наркотыкі, бо не змаглі выйсьці з гэтага стану «вайны»
На жаль, я ведаю людзей, якія ня справіліся, не прыстасаваліся да «мірнага» жыцьця. Ведаю выпадкі, калі, на жаль, людзі пачыналі ўжываць алькаголь ці наркотыкі, бо не змаглі выйсьці з гэтага стану «вайны». Ёсьць асобы, якія ў сваім родным горадзе былі лідэрамі супраціву, зьехалі вучыцца за мяжу, вярнуліся — а ў іх каша ў галаве.
Але хтосьці пачынае займацца адзінаборствамі, хтосьці — экстрэмальным спортам. Зьяўленьне дзяцей таксама мазгі ўстаўляе даволі добра. І калі хтосьці кажа, маўляў, у мяне дзеці і я рызыкаваць ужо ня маю права і магчымасьці, то ў маім разуменьні — усё абсалютна наадварот. У цябе ёсьць дзеці — і ты ўжо можаш рызыкаваць.
Вось Алесь Чаркашын (беларускі добраахвотнік, загінуў ва Ўкраіне. — РС) — ён рызыкнуў, але дзяцей у яго не засталося, і вось гэтага якраз і шкада.
«Ты ў пэўных сьпісах на ўсё жыцьцё, і ў патрэбны момант па цябе могуць прыйсьці»
— Вы ж не займаецеся актыўнай дзейнасьцю. Ці быў для вас дзіўны леташні арышт напярэдадні Дня Волі?
— Я так разумею, што быў загад нэўтралізаваць усіх, хто неяк можа кіраваць вулічнымі акцыямі. Я тады зразумеў, што за мной маё мінулае будзе ісьці ўсё маё далейшае жыцьцё. Шэсьць гадоў прайшло, і ніхто мяне не чапаў. Быў упэўнены, што на мяне забыліся. А тут выходзіш з працы, а цябе сустракаюць: «здраствуйце, прайдзёмце», «ну вы ж панімаеце».
Зразумела, што ты ў пэўных сьпісах на ўсё жыцьцё і ў патрэбны момант па цябе могуць прыйсьці. Але засмучацца з гэтай прычыны, натуральна, ня варта.
— Вы ўспрымаеце гэта як «высокую ацэнку» вашых «заслуг»?
— Не, я сваю асобу ацэньваю адэкватна. Проста я быў адным з «палявых камандзіраў» вулічнага супраціву ў гэтым горадзе і, натуральна, да мяне была пэўная ўвага. І пэўны досьвед арганізацыі акцыяў маю. Арганізатары сёлетняга Дня Волі да 100 год БНР малайцы, але ў гэтай краіне ёсьць людзі, якія арганізоўвалі недазволеныя акцыі на 50 тысяч чалавек і не крычалі пасьля, што, маўляў, якія я клясны, паглядзіце ўсе на мяне.
У гэтай краіне ёсьць людзі, якія арганізоўвалі недазволеныя акцыі на 50 тысяч чалавек, і не крычалі пасьля, маўляў, якія я клясны
Адна з налепак «Зубра» была з цытатай ад Маці Тэрэзы: «Трэба проста рабіць сваю справу». У 2001 годзе, калі пачынаўся «Зубр», не было ні фэйсбуку, ні твітэра. А акцыі зьбіраліся і праводзіліся шматтысячныя. Я да таго, што трэба рабіць справу і менш пра гэта крычаць.
Для мяне посьпех справы — заданьне нумар адзін, а хто да гэтага спрычыніўся, ня так важна. «Менш публічнасьці — больш выніку», — гэта мая пазыцыя і пазыцыя шмат якіх маіх сяброў.
— А ваша асабістая сустрэча з Далай-Ламам, здаецца, з катэгорыі фантастыкі наагул?
— Гэта было ў 2008 годзе падчас 20-годзьдзя ўручэньня Леху Валэнсу Нобэлеўскай прэміі. Была вялікая міжнародная канфэрэнцыя, у якой удзельнічалі вельмі прадстаўнічыя асобы — прэзыдэнт Польшчы, старшыня Эўракамісіі, Далай-Лама. На той момант у Беларусі былі палітвязьні, і мы з Яўгенам Афнагелем, з Аляксандрам Атрошчанкавым вырашылі, што такая ўплывовая асоба ў сьвеце павінна штосьці сказаць у падтрымку Беларусі і беларускіх палітвязьняў.
Пасьля выступу Далай-Ламы мы да яго пайшлі. Так атрымалася, што разам з аховай мы наўпрост прайшлі ў пакой, дзе ён адпачываў пасьля выступу. Узялі ў кола і сказалі: мы зь Беларусі, у нас палітвязьні, скажыце нам што-небудзь. Напэўна, мы ня першыя былі, хто да яго з падобнай просьбай зьвяртаўся. І ён сказаў, што так, канечне, усе палітвязьні ў сьвеце павінны быць вызваленыя.
«Беларусы павінны адзін аднаму дапамагаць, дзе б хто ні быў»
— Чаму вы ўсё ж адышлі ад актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьці?
— Гэта вельмі важны момант: я не лічу, што я адышоў ад дзейнасьці. І шмат хто ведае, што ў пэўных сытуацыях я не магу не дапамагаць.
Я ня мог не дапамагаць сем’ям асуджаных у справе «Белага легіёну», калі яны самі сядзелі ў турме. Як гэта было магчыма зрабіць? У сацыяльных сетках я заклікаў людзей, я зьбіраў грошы на ровар для сына аднаго з затрыманых, і людзі адгукнуліся.
Калі чалавек не выходзіць на кожную вулічную акцыю — гэта ня значыць, што ён змагар на пэнсіі
Я ня мог заставацца спакойным, калі прачытаў, што ў Расеі асуджаны беларус за рэпост у інтэрнэце пра Ўкраіну. Беларус асуджаны ў Расеі за палітыку! Гэта закранула мой гонар — нацыянальны нават. І вось мы разам зь неабыякавымі беларусамі за дзень знайшлі, хто гэта. Я кантактаваў са сваякамі гэтага хлопца, да яго самога езьдзілі адвакаты, расейскія праваабаронцы, словам — чалавек не застаўся адзін і без увагі.
Беларусы павінны адзін аднаму дапамагаць, дзе б хто ні быў — у Расеі ці ў Афрыцы. Як гэта ёсьць у амэрыканцаў: па грамадзяніна ЗША авіяносец прыйдзе туды, куды трэба.
Таму, калі чалавек не выходзіць на кожную вулічную акцыю, гэта ня значыць, што ён змагар на пэнсіі.
«Пасьля Крыму маё стаўленьне да супрацьстаяньня з уладай зьмянілася»
— Ці выходзіце вы цяпер на вулічныя акцыі?
— Выходжу разам са сваімі дзецьмі: у маёй старэйшай дачкі ёсьць пэрсанальны бел-чырвона-белы сьцяжок, яна ведае, што такое Дзень Волі. Але пасьля падзеяў ва Ўкраіне, у Крыме маё стаўленьне да супрацьстаяньня з уладай крыху зьмянілася. Я не дзялю Беларусь на бел-чырвона-белую і чырвона-зялёную — мы ўсе беларусы.
І зараз стаіць пытаньне захаваньня незалежнасьці. Бо можа так стацца, што Лукашэнкі ня стане. Ня важна, якім шляхам — па ўзросьце, скажам. І мы можам апынуцца ў сытуацыі, што назаўтра чырвона-зялёныя сьцягі будуць замененыя на расейскія трыкалёры, а на вуліцы будуць расейскія дэсантнікі.
Я не кажу, што Лукашэнка — гарант незалежнасьці ў Беларусі: паводле Канстытуцыі гарантам ёсьць народ. Але народ павінен быць адзіны — без падзелу на «нашых» і «ня нашых».
Народ павінен быць адзіны — без падзелу на «нашых» і «ня нашых»
У мяне было вялікае спадзяваньне ў пэўны момант, што адбудзецца сур’ёзны дыялёг паміж уладай і апазыцыяй, што грамадзтва будзе злучанае. Але з розных прычын гэтага не адбылося: вось тут мы дамовіліся — сьвяткуйце Дзень Волі, а на плошчы Якуба Коласа мы людзей паразганяем — так ня робіцца.
Добра, што на сьвята прыйшло шмат людзей. Але дрэнна, што не было моцнага палітычнага складніку. Прыйсьці на дазволены канцэрт — гэта адно, а акрэсьленая палітычная пазыцыя — гэта іншае. Бо нашы ўсходнія суседзі вельмі пільна адсочваюць нашу сытуацыю і вельмі шчыльна зь ёй працуюць.
— Вы мяркуеце, што цяпер існуе пагроза беларускай незалежнасьці?
— Пакуль існуе Расея ў цяперашнім выглядзе, дзе ва ўладзе Генштаб і ФСБ, пагроза нашай незалежнасьці існуе. Я ня супраць Расеі — у мяне мама руская, у мяне ёсьць сваякі ў Расеі. Я хачу бачыць Расею як сяброўскую дэмакратычную дзяржаву. І скажу шчыра — ня ў тых геаграфічных межах, у якіх яна сёньня існуе. Я крыху езьдзіў па Смаленшчыне, Пскоўшчыне — сталыя людзі размаўляюць там беларускай гаворкай і лічаць сябе тутэйшымі. Калі б здарыўся які хаўрус з гэтымі тэрыторыямі, то я ўпэўнены, што яны з задавальненьнем гэта прынялі б. Але ў нас чамусьці саромеюцца пра гэта казаць.
— Вы самі ніколі ня марылі аб пасадзе прэзыдэнта ці прэм’ер-міністра Беларусі?
— Не, ніколі не хацеў бы быць прэзыдэнтам — ня прагну ўлады. Але дзеля дабра краіны, калі «партыя загадае», буду. «Партыя» — гэта кола маіх сяброў. З гэтымі людзьмі мы шмат прайшлі — я ведаю кошт гэтага сяброўства і давяраю ім на сто адсоткаў у любой сытуацыі. Да таго ж праз нашу «каманду» ў «Зубры» прайшлі сотні людзей. Шмат з кім мы працягваем падтрымліваць адносіны, і хоць у многіх сем’і, дзеці, свой бізнэс — калі б спатрэбілася, мы змаглі б арганізавацца.
«„Змагарскую“ дзейнасьць канвэртую ў працу»
— У вас таксама — сям’я, дзеці, свой бізнэс?
— Не, я толькі працую ў прыватнай кампаніі вядучым спэцыялістам па продажы аўтамабільных шын, дыскаў і запчастак. І, дарэчы, адзін з плюсаў маёй «змагарскай» дзейнасьці, якім я карыстаюся па жыцьці, — велізарная колькасьць знаёмых. Цяпер гэтыя знаёмствы я «канвэртую» ў сваю працу: гэта продажы, самыя лепшыя і ўдзячныя пастаянныя кліенты.
Мая жонка шмат гадоў працавала на «Эўрарадыё». У нас дзьве дачкі — Еве 5 з паловай гадоў, а Адэлі два гады.
— Якая мова «працоўная» ў вашым доме і якой вы бачыце будучыню вашых дачок?
— Іх жыцьцё ў незалежнай Беларусі. Але напачатку хацеў бы, каб дачка пайшла ў беларускую гімназію. Мая жонка — літоўка паводле нацыянальнасьці, і зь дзецьмі размаўляе па-расейску. Дзяўчаткі не размаўляюць па-беларуску наўпрост, але няма праблемы з разуменьнем: калі я кажу, каб ішлі маляваць ці надзяваць шкарпэткі, то ня трэба тлумачыць што гэта такое.
Трэба закладаць нейкія асновы: разуменьне каштоўнасьці беларускай мовы і культуры, але не рабіць гэта фэтышам. Калі яны вырастуць — гэта іх справа, на якой мове размаўляць. Я ж зраблю ўсё магчымае, каб яны вырасьлі добрымі людзьмі. А беларуская мова ўсё роўна пераможа.
«У нацыянальнай ідэі і нацыяналізьме нельга расчаравацца»
— Ці быў такі пэрыяд у вашым жыцьці, калі даводзілася пераацэньваць жыцьцёвыя каштоўнасьці?
— Не, хоць сумневы, натуральна, здараюцца ў кожнага чалавека. Дзесьці, напэўна, у 2006 годзе, пасьля чарговых выбараў, зьявілася такая крыўдная думка, што мы стаім на доўгім шляху. І ня факт, што ён завершыцца канчатковай мэтай пры маім жыцьці.
Канечне, хацелася, каб было хутка і пэўна, як у нашых суседзяў. Але ў нацыянальнай ідэі і нацыяналізьме нельга расчаравацца. Да прыкладу, тыя людзі, якія прыходзілі ў супраціў пасьля 2010 году і хутка сыходзілі, мелі ідэю, але ня мелі ідэалёгіі. Клясычны прыклад — гэта «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» . У іх была добрая ідэя, але адсутнічала ідэалёгія. Як вынік, надоўга іх не хапіла.
— Адкуль вы чэрпаеце сілы для аптымізму?
— Я быў на Майдане ў Кіеве літаральна праз два дні пасьля гібелі Міхася Жызьнеўскага. І я ехаў туды менавіта дзеля таго, каб падсілкавацца энэргіяй. А цяпер шмат у чым энэргію даюць дзеці, хоць і забіраюць яе яшчэ больш. Працоўныя посьпехі даюць імпэт, падтрымку — жонка і бацькі. І я проста веру ў гэтую краіну, веру ў тое, што мы, як і нашы славутыя продкі, будзем мець моцную і незалежную дзяржаву, якая стане цэнтрам Усходняй Эўропы.
5 пытаньняў Свабоды
— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта..?
— Гэта стоадсоткавы нацыяналізм. Проста для кагосьці нацыянальная ідэя — гэта беларуская форма і хрысьціянскі зьмест. А для мяне нацыяналізм — гэта шырэй за нейкія рэлігійныя абмежаваньні. Толькі так — здаровы, нармальны нацыяналізм без ксэнафобіі і іншых брутальных рэчаў, якія гэтаму панятку навязваюць. Так выхоўваць дзяцей, грамадзтва, і тады нам ня варта будзе перажываць наконт захаваньня незалежнасьці.
— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.
— Ёсьць людзі, чые постаці для мяне — арыенцір і аўтарытэт. І гэта не абавязкова беларусы. Сярод беларусаў такая выбітная асоба — Вінцэнт Гадлеўскі.
Ён быў ксяндзом і стварыў сетку беларускай партызанкі, якая змагалася і супраць немцаў, і супраць камуністаў. Ён змагаўся за незалежную Беларусь. На жаль, яго хуценька «раскусілі» немцы і расстралялі.
Гэтага чалавека можна назваць беларускім Сьцяпанам Бандэрам. На жаль, ягонае жыцьцё і ягоная дзейнасьць мала вывучаныя.
Другі, калі браць зь пераліку дзейных старэйшых паплечнікаў, — гэта Зьміцер Бандарэнка. Я вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку, бо ён шмат што мне даў з гледзішча жыцьця і дзейнасьці, барацьбы. Ён шмат у чым дапамагаў у жыцьці і ёсьць для мяне аўтарытэтам, хоць не заўжды, далёка не заўжды я згодны зь ягонай думкай.
І яшчэ — Янка Філістовіч. Калі мне было пятнаццаць гадоў, акурат перад тым, як пайсьці ў «Малады фронт», трапілася кніга пра яго. Мяне вельмі ўразіў гэты прыклад стоадсоткавай ахвярнасьці. Гэта як беларускі самурай — прымае тое, што ён загіне, але мае абавязак перад радзімай.
— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?
— Пры ўсім маім стаўленьні да Расеі мне падабаецца Эдуард Лімонаў. Ягоная дзейнасьць і кнігі паўплывалі шмат на каго. Нейкую адну кнігу складана вылучыць у кантэксьце ўсяго жыцьця, але кніга Лімонава «Другая Россия» была і ёсьць проста выкрышталізаваным, дакладным разуменьнем барацьбы.
Ідэя ЛНР-ДНР — гэта і ёсьць другая Расея. Гэта, па сутнасьці, была ідэя Лімонава шмат гадоў таму.
З гэтым ня ўсе пагодзяцца: скажуць, што прачытаў Караткевіча — і гэта галоўнае. Так, Караткевіча прачытаў, але ёсьць пэўныя, нашмат значнейшыя тэмы — ідэйныя і ідэалягічныя, пасьля знаёмства зь якімі ты абсалютна сьвядома разумееш, што ты на правільным шляху.
— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?
— Я займаюся продажам і таму ведаю, што грошы — гэта проста інструмэнт. У сучасным сьвеце ён моцна перабольшаны. Я ведаю людзей, і нават сярод сваіх сваякоў, для якіх грошы — гэта мэта. І ў выніку чалавек страчвае і сям’ю, і працу, і даходзіць аж да спробы суіцыду.
Грошы заробяцца — імі дабрабыт вымераць складана: каб было што паесьці, чым заправіць машыну, раз на паўгода зьезьдзіць у якую вандроўку і было сваё жыльлё. Нічога незвычайнага — кожная сям’я гэтага хоча. Але, на жаль, у нас у Беларусі з жытлом, прынамсі, складана.
Але ўсяго можна дасягнуць, калі рабіць спробы ў пошуках лепшага. Я б раіў шукаць лепшае тут, на радзіме.
— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
— Я спадзяюся, што ўлада зьменіцца ў Беларусі выключна мірным шляхам. Калі гэта будзе, ня ведаю. У прынцыпе, улада ўжо паціху зьмяняецца, Беларусь таксама зьмяняецца — усё ідзе да лепшага. Наколькі зацягнецца гэты працэс — я ня ведаю. Галоўнае, каб гэта было мірным шляхам, бо інакш мы проста страцім Беларусь.