Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля Курапатаў кладуць новыя трубаправоды. Будаўнікі кажуць, што ахоўную зону не зачэпяць


Прадстаўнік ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вацлаў Арэшка выказаў занепакоенасьць новымі будаўнічымі працамі каля мэмарыялу ахвярам сталінізму. Паводле ягоных разьлікаў, новыя трубаправоды могуць падысьці за 20 мэтраў да ахоўнай зоны Курапатаў і несьці пагрозу самому мэмарыялу. Карэспандэнт Свабоды выехаў на месца будаўнічых работ.

Будзе новы водаправод і газаправод

На полі паміж Курапацкім мэмарыялам і гандлёвым цэнтрам «Экспабел» другі тыдзень вядуцца будаўнічыя працы. Каля аўтазапраўкі «Белнафтахім» у напрамку Курапатаў глыбокую траншэю рые экскаватар — пад водаправод, які пракладаюць уздоўж менскай кальцавой дарогі.

З боку «Экспабелу» да гэтай траншэі набліжаецца іншая — пад газаправод. Жалезныя трубы невялікага дыямэтру хутка мантуюць, абмотваюць цеплаізаляцыяй і закопваюць у зямлю. Газаправод дойдзе да запраўкі і таксама паверне ў кірунку Курапатаў. Уздоўж кальцавой рассыпаны жалезныя трубы газаправоду — яны чакаюць мантажнікаў.

Да Курапатаў ад месца працаў ня болей за 300 мэтраў, і будоўля шпарка пасоўваецца далей.

Брыгадзір будаўнікоў газаправоду Ўладзімер Лукашоў запэўніў карэспандэнта Свабоды, што да Курапатаў газаправод ня дойдзе.

Брыгадзір будаўнікоў газаправоду Ўладзімер Лукашоў
Брыгадзір будаўнікоў газаправоду Ўладзімер Лукашоў

​«Бачыце прычэп на полі, мэтраў за 200 ад Курапатаў, каля кальцавой? Вось туды ад новага будынку Bigzz мы цягнем нітку газаправоду і там будзем падключацца да таго газаправоду, які ідзе ўздоўж кальцавой дарогі. Далей, да саміх Курапатаў, мы ня пойдзем», — сказаў брыгадзір.

Хто будуе ля Курапатаў

Будаўнічая арганізацыя, у якой працуе Уладзімер Лукашоў, — «Стоўпцыгазбуд». Усяго, паводле брыгадзіра, ім трэба пракласьці 1,2 кілямэтра газаправоду, які падключаць да новага будынку гіпэрмаркету Bigzz. Гэты будынак яшчэ не завершаны, пакуль паставілі толькі «шкілет» бэтонных канструкцый. Будаўнікі газаправоду сваю працу маюць скончыць у верасьні.

Водаправод побач з кальцавой дарогай вядуць будаўнікі 7-га будаўнічага трэсту зь Менску. Экскаватаршчык сказаў, што траншэя праходзіць побач зь ніткай каналізацыі, працаваць трэба вельмі асьцярожна. Водаправод дойдзе да таго ж месца, што і газаправод.

«Гэта ж больш за 200 мэтраў ад Курапатаў. Да лесу ня дойдзем», — кажа экскаватаршчык.

Каб нітку новага водаправоду злучыць з водаправоднай сыстэмай Менску, пад кальцавой дарогай пракладваюць адмысловую трубу. Гэтым займаецца майстар буравікоў Андрэй Сарачынскі з кампаніі «Белпадзембуд».

«Тэхналёгія завецца „кіраванае гарызантальнае бурэньне“. І гэта не труба, а гільза, у якую потым уставяць сапраўдную трубу ўдвая меншага дыямэтру. З таго боку кальцавой адмысловая ўстаноўка цягне гэтую гільзу, размываючы вадой вакол яе зямлю. Адна з гільзаў ужо пракладзеная, цяпер зацягваем другую. Дзьве веткі патрэбныя, каб водаправод закальцаваць. Мы за два дні дамо тут рады, а потым ужо водаправодчыкі ўставяць свае трубы», — кажа Андрэй.

Майстар буравікоў Андрэй Сарачынскі
Майстар буравікоў Андрэй Сарачынскі

Што будаўнікі ведаюць пра Курапаты

Уладзімер Лукашоў і ягоная брыгада, якія вядуць газаправод, прыехалі на будоўлю са Стоўпцаў. Пра гісторыю Курапатаў яны ведаюць мала.

Экскаватаршчык Ігар адказаў, што яму нічога пра Курапаты невядома, і махнуў рукой. А брыгадзір выказаў пэўную інфармаванасьць.

«Адмыслова, як пачыналі тут працы, нам пра гэтае месца ніхто не расказваў. Але гэта ж вядома. Чыталі, чулі. Вунь і крыжы вакол усяго лесу стаяць, усё зразумела. Канечне, гэта варта не чапаць і захоўваць», — кажа брыгадзір будаўнікоў Уладзімер Лукашоў.

Будаўнік водаправоду Андрэй Сарачынскі сам родам з Пухавіч, а працуе ў Менску. Пра Курапаты Андрэй збольшага ведае. Тое, што вакол гэтага лесу павінна быць ахоўная зона, ён асабіста падтрымлівае.

У Менскім райвыканкаме, на тэрыторыі якога вядуцца будаўнічыя працы каля Курапацкага лесу, атрымаць больш інфармацыі пра будоўлю не ўдалося: тэлефоны намесьніка старшыні выканкаму і галоўнага архітэктара маўчалі.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG