Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі ў Ірляндыі: мне сорамна за Царкву


Папа Рымскі Францішак ў аэрапорце Дубліну, 25 жніўня
Папа Рымскі Францішак ў аэрапорце Дубліну, 25 жніўня

У нядзелю падчас візыту ў Ірляндыю — першага за чатыры дзесяцігодзьдзі — Папа Рымскі Францішак папрасіў прабачэньня за «зьнявагу і здраду», якія, паводле яго, перажылі ахвяры пэдафіліі з боку каталіцкіх сьвятароў і іншых дзеячаў Царквы.

Ён сказаў, што пакуты дзяцей — гэта «адкрытая рана», якая «прымушае нас выяўляць цьвёрдасьць на шляху да ісьціны і справядлівасьці». Пра гэта паведамляе Reuters.

У сваёй прамове ў Дублінскім замку ён прызнаўся, што яму сорамна за тое, што каталіцкая Царква ня здолела належным чынам адрэагаваць на, як ён выказаўся, агідныя злачынствы, учыненыя асобнымі сьвятарамі.

Ягонае абяцаньне выкараніць «заразу» ва ўлоньні Царквы прагучала празь месяц пасьля таго, як ён прыняў адстаўку былога арцыбіскупа Вашынгтону Тэадора МакКарыка, якога западозрылі ў разбэшчваньні непаўналетніх. Былы дыплямат Ватыкану Карла Марыя Вігана раскрытыкаваў папу за прамаруджаньне, заявіўшы, што яшчэ ў 2013 годзе паведамляў яму пра непрыстойныя паводзіны МакКарыка.

Напярэдадні ўвечары Францішак сустрэўся з васьмю былымі ахвярамі сэксуальных злоўжываньняў з боку сьвятароў і асабіста папрасіў прабачэньня перад імі.

20 жніўня папа зьвярнуўся да вернікаў каталікоў зь лістом. Ад імя ўсёй царкоўнай супольнасьці ён «з ганьбай і пакаяньнем» прызнаў, што Царква своечасова не адрэагавала на той боль, які яна нанесла «гэтулькім жыцьцям». Пра канкрэтныя захады ў лісьце не гаварылася.

Некаторыя мас-мэдыі раскрытыкавалі папу за тое, што ён не прапанаваў ніякіх практычных рашэньняў для пераадоленьня крызісу са сьвятарамі-пэдафіламі. Апошні вялікі скандал, звьязаны з гэтай тэмай, разгарэўся ў амэрыканскім штаце Пэнсільванія, дзе 17 жніўня Вялікае журы выпусьціла даклад, зь якога вынікае, што больш за 300 сьвятароў-пэдафілаў з 1950-х гадоў назьдзекаваліся з больш чым тысячы непаўналетніх у шасьці дыяцэзіях штату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG