Да канца 17 жніўня Аляксандар Лукашэнка даручыў ягонай прэс-службе і прэс-сакратарцы Натальлі Эйсмант «акумуляваць дробныя і буйныя заявы», на якія ён хоча адказаць тым, хто «спрабуе кінуць камень у агарод тых рашэньняў», якія ён прымае.
«Я адсочваю СМІ, там асобныя ў інтэрнэце заявы і іншае, — цытуе БелТА Аляксандра Лукашэнку. — Я іх чую, я іх бачу, і я пастараюся ў бліжэйшы час на іх адрэагаваць».
Паводле Лукашэнкі, «адсоткаў на 90 гэта пазытыўныя водгукі» — праз гэта ён робіць выснову, што «людзі, падтрымліваючы прэзыдэнта ў ягоных дзеяньнях, намякаюць на тое, што нам трэба дысцыпліну падымаць у нашых шэрагах».
Аб чым менавіта водгукі, не ўдакладняецца.
За апошні тыдзень Лукашэнка скрытыкаваў віцэ-прэм’ера, экс-міністра здароўя Васіля Жарко за карупцыю ў ахове здароўя, накрычаў на міністраў і запатрабаваў замены «ўсяго кіраўніцтва ўраду» звольніў міністраў архітэктуры і прамысловасьці Анатоля Чорнага і Віталя Воўка за «невыкананьне ягоных даручэньняў», а таксама старшыню Аршанскага райвыканкаму Аляксандра Пазьняка, узнагародзіў кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава ордэнам Дружбы народаў.