Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бязьвіз» не дапамог: амэрыканскага пэрформэра не пусьцілі ў Беларусь

абноўлена

Нацыянальны аэрапорт «Менск»
Нацыянальны аэрапорт «Менск»

Грамадзяніна ЗША індыйскага паходжаньня Алока Вайд-Мэнона 31 ліпеня не прапусьцілі празь мяжу ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», сказала Свабодзе актывістка Віка Біран.

Сьцісла:

  1. Алок Вайд-Мэнон —​ «індыйска-амерыканская гендарна-небінарная паэтка-пэрформэрка-транс-актывістка», як апісвае яго часопіс Makeout. Пэрформэр, які публічна выкарыстоўвае ў дачыненьні да сябе займеньнік «яны», меўся выступаць у Менску на закрытым воркшопе пра эмоцыі для ЛГБТК-людзей.
  2. Прыляцеў у Беларусь па «бязьвізе» а 15-й гадзіне рэйсам з Амстэрдаму і мусіць правесьці ў аэрапорце 18 гадзінаў да наступнага рэйсу ў Амстэрдам.
  3. Сярод прычынаў забароны на ўезд называюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку і абароне насельніцтва Беларусі.

У атрадзе памежнага кантролю «Менск» Свабодзе пацьвердзілі, што Вайд-Мэнона не ўпусьцілі ў Беларусь на падставе артыкулу 30 Закону аб праўным палажэньні замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства. Які канкрэтна пункт артыкулу парушыў грамадзянін ЗША, афіцэр не ўдакладніў.

Паводле гэтага артыкулу адмовіць ва ўезьдзе могуць, калі знаходжаньне замежніка ў Беларусі супярэчыць:

  • нацыянальнай бясьпецы;
  • грамадзкай бясьпецы;
  • абароне маральнасьці;
  • абароне здароўя насельніцтва;
  • абароне свабодаў грамадзянаў і іншых асобаў.

«Гэты грамадзянін не дэпартаваны, яго проста адправяць назад у Амстэрдам найбліжэйшым рэйсам 1 жніўня ў 9.30», — паведаміў Свабодзе прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Як сказала Свабодзе Віка Біран, Алок Вайд-Мэнон паведаміў праз тэлефоне, што зьвязваўся з амбасадай ЗША ў Менску. У амбасадзе яму патлумачылі, што «гэта выглядае як законная справа». Пацьвердзіць гэтую інфармацыю ў амбасадзе ЗША не ўдалося.

«У Алока забралі рэчы і пашпарт, бо такія ўмовы. Яшчэ ёсьць здагадка, што яны там галадаюць, бо яны вэганы, а менскі аэрапорт не дае опцыяў вэганскай ежы», — сказала Біран.

Удакладненьне: Алок Вайд-Мэнон прыляцеў у Менск адзін. Пэрформэр публічна выкарыстоўвае ў дачыненьні да сябе займеньнік «яны».

Вайд-Мэнон мусіў выступіць 1 жніўня з публічнай лекцыяй у Менску. Выступ «Femme in Public» мусіў спалучаць:

  • паэтычны вечар «Femme in Public» паводле аднайменнай кнігі пэрформэра;
  • дасьледаваньне па гендэрнай некамфортнасьці і фэміннасьці.

Алок распавядае пра свой досьвед дыскрымінацыі, вулічнага гвалту і перажываньні сыстэмнай траўмы, якія адчувае як нябелы, трансгендерны мігрант у «белай», кансэрватыўнай Амэрыцы.

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка павялічыў тэрмін бязьвізавага знаходжаньня грамадзянаў 80 краінаў да 30 дзён пры ўмове прылёту ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і вылету тым жа шляхам. «Бязьвізам» нельга скарыстацца, прыляцеўшы з Расеі, бо на гэтых рэйсах няма памежнага кантролю.

Што важна ведаць:

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай. У ліпені афіцыйным міліцэйскім пратаколе аўтарам заявы назвалі кіраўніка МУС Ігара Шуневіча.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбалю ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 23 траўня міністар замежных справаў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
  • 7 чэрвеня Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных справаў» няма.
  • 7 ліпеня супрацоўнікі брытанскай амбасады ў Менску апрануліся ў колеры ЛГБТ-сьцяга.
  • За чэрвень-ліпень супрацоўнікі міліцыі зладзілі 3 аблавы падчас закрытых вечарынаў ЛГБТ-людзей і сьвінгераў. У затрыманьнях удзельнічаў АМАП. Заведзена крымінальная справа «за прастытуцыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG