Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 50 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся на плошчы Леніна ў Берасьці


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Інцыдэнтаў і затрыманьняў не было. Падставай для сустрэчы стала чарговае затрыманьне ў мінулую пятніцу блогера Сяргея Пятрухіна і маючы адбыцца 30 ліпеня суд над ім.

27 ліпеня, калі Пятрухін выходзіў з дому, да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і заявілі, што ім трэба агледзець яго кватэру. Блогер адмовіўся, таму што яму не патлумачылі, на якіх падставах ён павінен пусьціць іх у кватэру.

Яго затрымалі і павезьлі ў Ленінскі РАУС. 24 ліпеня заказным лістом Пятрухін атрымаў позву ў Берасьцейскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэта — на яго завялі крымінальную справу за абразу. Сам блогер не можа сказаць, з чым зьвязана гэтую справу. Пятрухін апошні час здымае шмат відэа на тэму пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. 12 траўня ў яго правялі ператрус, канфіскавалі кампутар, пляншэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі да гэтага часу.

Удзельнікі сёньняшняй сустрэчы абмяркоўвалі таксама разгляд 31 ліпеня касацыйнай скаргі на рашэньне Эканамічнага суда Берасьцейскай вобласьці, які ў канцы чэрвеня задаволіў пазоў ТАА «АйПауэр», што будуе акумулятарны завод, да блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, ніякіх інцыдэнтаў падчас сёньняшняй сустрэчы не адбылося. За ёй традыцыйна назіралі супрацоўнікі міліцыі.

Узьвядзеньне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» — рэзыдэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Мясцовыя жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG