Лінкі ўнівэрсальнага доступу

34 асобам, датычным да зьяўленьня і працы рэстарацыі ля Курапатаў, абвясьцілі «пэрсанальны байкот»


Рэстарацыя «Поедем поедим» побач з Курапатамі
Рэстарацыя «Поедем поедим» побач з Курапатамі

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, 27 ліпеня зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот.

Усяго ў сьпісе 34 чалавекі, сказала Свабодзе Вольга Мікалайчык.

«Гэта 14 чыноўнікаў, якія датычныя да дазволу будоўлі (Барыс Батура, Ірына Дрыга, Вадзім Гліньнік, Ігар Чарняўскі, Барыс Сьвятлоў, Леанід Гуляка, Аляксандар Яцко і іншыя), 12 уладальнікаў і супрацоўнікаў рэстарацыі (Леанід Зайдэс, Барыс Сурыс, Сьвятлана Дубкова, Аркадзь Ізраілевіч, Лявон Сагальчык, Кацярына Бекбулатава, Антон Мелехаў, Вячаслаў Азаранка, Вадзім Сантычын ды іншыя) і 8 агрэсіўных наведнікаў — усяго 34 чалавекі.

Грамадзкія актывісты будуць зьвяртацца ў амбасады замежных дзяржаў з просьбай, каб гэтым 34 чалавекам не выдавалі шэнгенскія візы», — Вольга Мікалайчык.

Вольга Мікалайчык ля брамы рэстарацыі
Вольга Мікалайчык ля брамы рэстарацыі

Таксама абаронцы Курапатаў наладзяць тлумачальную працу з прадпрыемствамі, фірмамі, якія пастаўляюць сваю прадукцыю і харчы ў рэстарацыю, кіраўнікам і мэнэджэрам раздадуць улёткі, інфармацыю пра мэмарыял.

«На паседжаньні штабу прынята рашэньне аб стварэньні сайту, неўзабаве ён будзе запушчаны, а таксама будзе адкрыты рахунак для збору салідарнай дапамогі.

Мы прынялі рашэньне накіраваць шэраг зваротаў і лістоў — у Генпракуратуру, Міністэрства культуры, Менаблвыканкам, да цэркваў.

На 11 жніўня заплянаваны Нацыянальны сьпеўны сход у Курапатах — для выкананьня гімну „Магутны Божа“ будзем запрашаць прафэсійныя хоры, капэлы», — сказаў Павал Севярынец.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Новыя крыжы ў Курапатах
Новыя крыжы ў Курапатах

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG