Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін усіх перайграў». Як мы самападманваемся кідкімі штампамі


Расея размаўляе з ЗША наконт Сырыі. «Пуцін усіх перайграў». Расея праводзіць Чэмпіянат сьвету па футболе. «Пуцін усіх перайграў». Пуцін сустракаецца з Трампам. «Пуцін усіх перайграў». Калі мы лайкаем і шэрым гэтую лухту, то сапраўды дапамагаем Пуціну выйграць.

Савецкія газэты выкарыстоўвалі для прапаганды цэлыя развароты. У эпоху сацыяльных сетак гэта робяць кароткія выразы-штампы. Паколькі многія зь іх забаўныя, мы бяздумна посьцім іх. Без рэфлексіі пра наступствы. Так мы ствараем бурбалку, у якую самі сябе заганяем. А потым зацята пачынаем змагацца з праблемай, якую самі стварылі.

Штамп «Пуцін усіх перайграў» адныя пішуць ад захапленьня, другія са страху і безвыходнасьці, а іншыя для сьмеху. Але ўсе яны дапамагаюць ствараць ілюзію пра пасьпяховага лідэра-супэрмэна, які ледзь не кіруе сьветам. Мэханізм ператварэньня хлусьні ў «праўду» вядомы: паўтарыць хлусьню шмат разоў. І тады ў самых, здавалася б, вытрывалых, узьнікаюць сумневы.

Пуцін, маўляў, моцны, бо ўвёў войскі ў Крым, кантралюе Данбас, яго агентаў ловяць ажно ў Вашынгтоне або вінавацяць у атручваньні замежных грамадзян у Англіі. Але затрымайцеся на імгненьне. Праз Крым Пуцін заварыў такую кашу, якую яго краіна будзе расхлёбваць дзесяцігодзьдзямі. А камфортам і дабрабытам сваіх грамадзянаў Расея за гэта ўжо плоціць. На Данбасе «рускі мір» кантралюе невялікі лапік зямлі. На больш у іх не хапіла сілы перад украінцамі. Злоўленыя на Захадзе расейскія агенты — гэта ж іх поўны правал і сорам расейскіх спэцслужбаў.

Пуцін перайграў хіба толькі Буціну, якая была гатовая прадаваць сваё цела амэрыканскім палітыкам. А што Пуцін выйграў у Сырыі? Труны з расейскімі пілётамі і шалёныя выдаткі на вайну? Расейскі ВУП роўны маленечкім Бэльгіі і Нідэрляндам. Там, дзе расейскія кампаніі здабываць нафту і газ, каб грэць імі Эўропу, людзі паляць у печках дровамі і ня маюць каналізацыі. Пасьля патасных і страшных прамоваў Пуціна расейскія ракеты не запускаюцца з палігонаў, а тэхніка глухне на парадах. Дык каго перайграў Пуцін, апрача людзей, зь якімі ён жыве ў адной краіне? Таму быць задаволены ад фразы «Пуцін усіх перайграў» можа быць толькі сам Пуцін.

Эфэкт Пуціна ня большы за неўсьвядомленую цягу маладых дзяўчынак перад кепскімі хлопчыкамі. То Пуцін на кані з голым торсам, то лётае з журавамі, то расьсякае воды Чорнага мора і можа даць у твар пры неабходнасьці. Bad guys заўсёды падаюцца больш сэксоўнымі, адважнымі і самаўпэўненымі. На моцных нават крытыкі і апанэнты глядзяць прыцішана. Са страхам, але і з захапленьнем. Аднак псыхолягі даўно раскусілі «альфасамцоў». Іх сакрэт — звычайная паказуха для публікі.

Любы небарака можа стаць альфасамцом, калі б для ўласных мэтаў ён выкарыстоўваў спэцслужбы, войска і пляваў на законы. Бачылі мы прыклады Чаўшэску, Кадафі і Мугабэ, ведаем. Што гэта за мастацтва? Перайграла ўсіх Амэрыка, купіўшы Аляску за капейкі і зарабляючы на ёй мільярды, і выклікаючы гэтым зайздрасьць Расеі. Перайграла Фінляндыя, якая кінула Расею і пабудавала эфэктыўную дзяржаву, у якой быць дыктатарам проста нявыгадна. Перайграе Пуціна кожная краіна, куды ўцякаюць расейцы з мазгамі і грашыма.

Самая агрэсіўная зброя пуцінскай Расеі — гэта прапаганда. Яна танная і эфэктыўная. Прапагандзе ўдаецца рабіць з мазгоў мякіну, а людзей няздольнымі думаць і рабіць высновы. Вялікасьць і геній Пуціна — частка гэтай прапаганды.

Расея ня там, дзе людзі размаўляюць па-расейску, і тым больш, яна не бязьмежная, як лічыць сам Пуцін. Мяжа Расеі заканчваецца там, дзе людзі не дазваляюць павесіць сабе на вушы расейскую локшыну.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG