Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля рэстарацыі «Поедем поедим» аўтмабіль на хуткасьці наехаў на пікетоўцаў


Пікетаваньне рэстарацыі каля Курапатаў. Архіўнае фота
Пікетаваньне рэстарацыі каля Курапатаў. Архіўнае фота

Наведнік рэстарацыі «Поедем поедим» на аўтамабілі BMW каля 16-й гадзіны ўчыніў наезд на пікетоўцаў, якія штодня пратэстуюць супраць працы забаўляльнай установы каля Курапатаў.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды расказаў сустаршыня БХД Павал Севярынец.

«Спачатку гэты кіроўца, яго завуць Уладзімер Ч., змог заехаць на тэрыторыю рэстарацыі, бо пікетоўцы проста разышліся ў бакі, убачыўшы, зь якой хуткасьцю ён набліжаецца. Ехаў пад 70–80 кілямэтраў і не тармазіў.

Гэтаксама хутка ён потым спрабаваў і выехаць, але ўжо ўрэзаўся ў пікет, зламаўшы сабе люстэрка. Пікетоўцы яго не прапускалі, ён счапіўся са Зьмітром Казакевічам, адбылася бойка.

У выніку ў Казакевіча парваная кашуля і цялесныя пашкоджаньні. Цяпер з гэтым кіроўцам разьбіраюцца міліцыянты, праглядаюць відэа, а Зьміцер Казакевіч паехаў у Бараўляны пісаць заяву аб нападзе і патрабаваць экспэртызы», — сказаў пра інцыдэнт Павал Севярынец, які быў сьведкам здарэньня.

Паводле Паўла Севярынца, з кіроўцамі іншых аўтамабіляў, якія прыяжджалі 25 ліпеня да рэстарацыі «Поедем поедим», у пікетоўцаў канфліктаў не было.

Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў вядзецца з 31 траўня. Прадстаўнікі розных дэмакратычных арганізацый і грамадзкія актывісты патрабуюць закрыцьця рэстарацыі, сьцьвярджаючы, што яна парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Інцыдэнт са Зьмітром Казакевічам — ня першы за час пікетаваньня «Поедем поедим». Тут ужо здаралася, што наведнікі і ахоўнікі біліся з актывістамі, а аўтамабілі, якія спрабавалі праехаць у рэстарацыю, наяжджалі на пікетоўцаў. Падчас аднаго з такіх наездаў грамадзкаму актывісту Леаніду Кулакову зламалі руку.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі адзін з уласьнікаў рэстарацыі бізнесовец Леанід Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG