Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб добраўпарадкаваньні і аднаўленьні мэмарыялаў, помнікаў вайсковай славы, пахаваньняў Першай і Другой усясьветных войнаў, піша БелТА.
На момант публікацыі распараджэньне не апублікавана.
Гэта будзе адбывацца цягам 2018 — першай паловы 2019 гадоў.
Добраўпарадкаваньне прымеркавана да 75-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў, якое будзе адзначацца ў 2019 годзе.
Рэалізоўваць распараджэньне Лукашэнкі будуць мясцовыя ўлады. Правілы добраўпарадкаваньня мае зацьвердзіць Савет міністраў. Гэтыя правілы будуць прадугледжваць:
- усталяваньне рэжымаў аховы і выкарыстаньня гэтых месцаў;
- папярэджаньне пашкоджаньняў, руйнаваньня і зьнішчэньня і іншага шкоднага ўзьдзеяньня, якое выклікана гаспадарчай і іншай дзейнасьцю.
Менгарвыканкам і аблвыканкамы мусяць:
- праводзіць па неабходнасьці конкурсы на архітэктурна-мастацкае рашэньне добраўпарадкаваньня;
- вызначаць заказчыкаў і выканаўцаў прац;
- закласьці выдаткі на добраўпарадкаваньне ў новым фінансавым годзе;
- прыцягваць ахвяраваньні на добраўпарадкаваньне.
Якім чынам будзе рэалізоўвацца гэтае распараджэньне, у Менгарвыканкаме не пракамэнтавалі.
Абноўлены закон аб пахаваньні і пахавальнай справе прынялі ў 2015 годзе. Паводле яго адмысловыя камісіі абавязаныя раз на год праводзіць інвэнтарызацыю пахаваньняў. Пасьля такой інвэнтарызацыі, праведзенай у 2015 годзе, сёлета ў чэрвені пачалося ўпарадкаваньне Вайсковых могілак у Менску, якія ўнесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. У межах упарадкаваньня супрацоўнікі спэцкамбінату:
- прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы;
- зносяць старыя крыжы і надмагільлі. На іх месца ўсталёўваюць аднолькавыя невялічкія пліты — так званыя «надгалоўнікі».
Гісторыкі і рэстаўратары сьцьвярджаюць, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікаюць да абароны могілак.
Паводле Менгарвыканкаму, упарадкаваньне адбываецца законна, спыняць яго няма падстаў. У канцы чэрвеня кіраўніцтва Міністэрства культуры на словах паабяцала прыпыніць працы на Вайсковых могілках. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.
На 2019 год Менгарвыканкам анансаваў упарадкаваньне Кальварыйскіх могілак, якія існуюць з канца 18 стагодзьдзя і таксама зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.