Па выніках круглага стала з удзелам кіраўнікоў апазыцыйных палітычных партый і актывістаў прынятая рэзалюцыя, якая дэкляруе агульнасьць падыходаў да дзейнасьці забаўляльнай установы «Поедем поедим» у непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў.
Як расказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў паседжаньня, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, за рэзалюцыю прагаласавалі 18 чалавек, адзін устрымаўся. Дакумэнт зьмяшчае тры пункты.
- Абаронцы Курапатаў гатовыя размаўляць з уласьнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў — пры ўмове спыненьня працы ўстановы.
- На момант перамоваў за кратамі не павінна заставацца абаронцаў, якія нясуць штодзённыя вахты пры ўезьдзе на тэрыторыю рэстарацыі.
- Удзельнікі круглага стала выступілі супраць бальшавізма, нацызма, антысэмітызма, патрабуючы публічнага на дзяржаўным узроўні асуджэньня гэтых злачынных ідэалёгій, і настойваюць на шырокім грамадзкім абмеркаваньні далейшай лёсу мэмарыялізацыі Курапатаў.
Апроч партыйных лідэраў і актывістаў курапацкага супраціву, у працы круглага стала таксама бралі ўдзел дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая.
Паводле Рыгора Кастусёва, вызначана, што разам з сузаснавальнікам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам яны будуць наладжваць перамовы з суўладальнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам. Дата перамоваў пакуль нявызначаная.
Як нагадаў Кастусёў, першапачаткова акрэсьліць свае пазыцыі бакі зьбіраліся 29 чэрвеня. У той дзень на адкрыцьцё мэмарыялу на месцы канцлягеру ў Трасьцянцы зьехаліся прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны, шэраг урадавых дэлегацый. Актывісты разьлічвалі, што яны таксама наведаюць і Курапаты, таму папрасілі бізнэсоўца сустрэцца напярэдадні. Гэта не задаволіла Леаніда Зайдэса, у якога былі ўласныя пляны. У выніку перамовы не адбыліся, а да мэмарыялу даехала толькі польская дэлегацыя.
Адразу ж пасьля ад’езду эўрапейскіх чыноўнікаў пачаліся масавыя затрыманьні актывістаў — за круглы стол папросту не было каго сабраць. Пачакаць пагадзіўся і сам уладальнік забаўляльнай установы: дамовіліся, што перамовы пройдуць, як усе абаронцы Курапатаў выйдуць на волю.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.