Заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг абышоў інвэстара Ўорэна Бафэта, заняўшы трэцяе месца ў сьпісе самых багатых людзей плянэты. Наперадзе яго толькі Джэф Бэзас з Amazon і Біл Гейтс з Microsoft. Такія апошнія зьвесткі падае Bloomberg.
Вось жа, уся першая сусьветная тройка мільярдэраў на сёньня — дзеячы індустрыі высокіх тэхналёгій. На гэты момант, згодна зь індэксам Bloomberg, прадпрымальнікі ў галіне IT валодаюць прыкладна пятай часткай усяго капіталу, які належыць 500 самым багатым людзям Зямлі, што перавышае ўдзельную вагу любой іншай сфэры бізнэсу ў індэксе.
У тройку лідэраў Цукербэрг трапіў у выніку падаражaньня на 2,4% акцый Facebook, кошт якіх перавысіў у пятніцу гістарычны максымум. Капітал 34-гадовага Цукербэрга дасягнуў 81,6 мільярдаў даляраў, што на 373 мільёны больш, чым у 87-гадовага Бафэта, кіраўніка канглямэрату Berkshire Hathaway. З прычыны скандалу вакол выкарыстаньня расейскімі хакерамі плятформы Facebook напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША акцыі кампаніі ў сакавіку моцна ўпалі, аднак далейшы давер удзельнікаў рынку дазволіў ёй адыграць страты.
Ўорэн Бафэт, некалі самы багаты чалавек у сьвеце, пачаў страчваць пазыцыі ў рэйтынгу ў 2006 годзе пасьля таго, як разгарнуў шырокамаштабную філянтрапічную дзейнасьць. З тых часоў ён перадаў 290 млн. акцый Berkshire Hathaway розным дабрачынным арганізацыям, у першую чаргу, Фонду Біла і Мэлінды Гейтс. Кошт гэтых акцый перавысіў на гэты момант 50 мільярдаў.
Марк Цукербэрг абяцаў перадаць на дабрачыннасьць на працягу ўсяго жыцьця 99% свайго капіталу.