Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік дыпмісіі ЗША зьяжджае зь Беларусі. Макей яму падзякаваў


Сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея (справа) з часовым павераным у справах Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Робэртам Райлі
Сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея (справа) з часовым павераным у справах Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Робэртам Райлі

6 ліпеня адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з часовым павераным у справах Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Робэртам Райлі ў сувязі са сканчэньнем ягонай дыпляматычнай місіі, паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе замежнапалітычнага ведамства Беларусі.

У МЗС Беларусі паведамілі, што «бакі абмеркавалі дынаміку разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў за апошнія два гады і абмяняліся думкамі аб далейшых пэрспэктывах разьвіцьця двухбаковага ўзаемадзеяньня». Макей падзякаваў Райлі за «ягоныя намаганьні па выбудоўваньні канструктыўнага дыялёгу паміж Менскам і Вашынгтонам».

Райлі, які працаваў у Беларусі са жніўня 2016 году, пакідае Беларусь у сярэдзіне ліпеня.

Чаму ў Беларусі няма амбасадара ЗША, а ў ЗША — амбасадара Беларусі

У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх краін было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага. Апошнім амбасадарам ЗША ў Менску была Карэн Ст’юарт, апошнім амбасадарам Беларусі ў ЗША — Міхаіл Хвастоў.

​У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў супраць пашырэньня штату амэрыканскай амбасады да сямі чалавек.

Робэрт Райлі, архіўнае фота
Робэрт Райлі, архіўнае фота

4 траўня 2018 году Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году, але адзначыў, што «працэс яе аднаўленьня вымагае часу, бо ёсьць амэрыканскія патрабаваньні і працэдуры». Акрамя таго, дадаў ён, «у выпадку зь Беларусьсю ёсьць некаторыя працэдуры, якія павінны быць узгодненыя зь беларускім бокам, і гэта таксама залежыць ад пазыцыі беларускага боку».

«Мы працуем над тым, каб амбасадары некалі вярнуліся (беларускі — у ЗША, амэрыканскі — у Беларусь. — РС), але я не магу сказаць дакладна, калі гэта можа адбыцца», — сказаў павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG