Цягам апошняга тыдня сілавікі затрымалі і асудзілі найбольш актыўных пратэстоўцаў супраць рэстарану каля мэмарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій у Курапатах, а таксама ўдзельнікаў анансаванага пратэсту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня. Свабода падрыхтавала храналёгію затрыманьняў-прысудаў.
30 чэрвеня: затрыманьне лідэраў пратэстаў у Курапатах
Затрымалі найбольш актыўных абаронцаў народнага мэмарыялу ў Курапатах ад камэрцыйнага засваеньня.
Павал Севярынец — Фрунзэнскі раённы суд Менску пакараў на 10 сутак за пікеты ў Курапатах сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.
Вольга Мікалайчык — Першамайскі раённы суд Менску асудзіў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту рэжысэрку і актыўную ўдзельніцу пратэстаў супраць рэстарану.
Дзяніс Урбановіч — актывіста затрымалі разам зь Севярынцам і Мікалайчык. 5 ліпеня Свабодзе стала вядома, што з 1 ліпеня ён адбывае 10-суткавы адміністрацыйны арышт у Менскім раённым ізалятары часовага ўтрыманьня.
1 чэрвеня
Натальля Гарачка — актыўную ўдзельніцу пратэстаў супраць рэстарану «Поедем поедим» затрымалі 1 ліпеня перад брамай у забаўляльны комплекс ля Курапатаў.
Партызанскі раённы суд Менску прысудзіў ёй 10 сутак арышту — за час пратэстаў міліцыянты склалі на актывістку каля 10 пратаколаў за парушэньне правілаў дарожнага руху і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
3 ліпеня: «хапун» на Дзень Незалежнасьці
Рыгор Кастусёў — машыну старшыні Партыі БНФ затрымалі па дарозе ў аэрапорт, адкуль ён мусіў вылецець у Варшаву для ўдзелу ў слуханьнях аб сытуацыі ў Беларусі ў міжнароднай камісіі Сэйму Польшчы. Пакуль паплечнікі шукалі яго, Кастусёў правёў суткі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну. 4 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску пакараў Кастусёва штрафам у 30 базавых (735 рублёў) паводле артыкулу 23.34 КаАП — за ўдзел у пратэстах супраць рэстарану каля Курапатаў.
Кастусёў: «Улады сталі на бок рэстарацыі «Поедем поедим»
3 ліпеня, у афіцыйны Дзень Незалежнасьці, мусіла распачацца анансаваная Мікалаем Статкевічам «Акцыя вызваленьня і салідарнасьці», мэта якой — «выказаць сваю салідарнасьць з пакаленьнем, якое вызваліла сьвет ад улады Гітлера, і з тымі, хто сёньня змагаецца за вызваленьне краіны ад улады ягонага прыхільніка». Сілавікі спынілі несанкцыянаваную ўладамі акцыю, затрымаўшы каля 30 чалавек, у тым ліку праваабаронцаў. Большасьць затрыманых вызвалілі празь некалькі гадзін без складаньня пратаколу. Але ня ўсіх.
Мікалай Статкевіч — людзі ў цывільным затрымалі лідэра Беларускага нацыянальнага кангрэсу каля ўласнага дома яшчэ да пачатку акцыі. Затрыманьне палітыку патлумачылі неабходнасьцю даседзець 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у адной з восеньскіх акцый 2017 году. Пасьля сутак у няволі, 4 ліпеня, суд Першамайскага раёну Менску аштрафаваў яго на 40 базавых велічыняў (980 рублёў) за заклік да ўдзелу ў акцыі, паводле арт. 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Статкевіч заявіў, што ня хоча ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі, і суд праходзіў безь яго. Увечары палітыка адпусьцілі зь Першамайскага РУУС.
Вячаслаў Сіўчык — затрыманы каля ўласнага дома яшчэ да пачатку акцыі Статкевіча. 4 ліпеня Цэнтральны суд Менску пакараў яго штрафам у 50 базавых (1225 рублёў) паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). «Засталося яшчэ шмат пратаколаў — і за Курапаты, і за Астравецкі шлях. Суды па іх наперадзе», — паведамілі яго паплечнікі.
Максім Вінярскі — затрыманы на падыходзе да месца абвешчанай акцыі Мікалая Статкевіча. 4 ліпеня суд Менскага раёну пакараў актывіста 10 суткамі арышту за пікетаваньне рэстарацыі «Поедим поедим» — паводле артыкулу 23.34 ч. 3 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна цягам году»).
Аляксандар Лаўрэнцьеў і Мікалай Салянік — за «намер правесьці несанкцыянаваную акцыю» 3 ліпеня ў Горадні супрацоўнікі ў цывільным гвалтоўна затрымалі ў двары дома двух актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Лаўрэнцьеву прысудзілі 5 базавых велічынь штрафу за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і 15 базавых за разьмяшчэньне ў інтэрнэце здымка, на якім ён і Салянік у турэмных робах трымаюць у руках плякат з выявай калючага дроту і лёзунгам «Беларусь — страна для „жизни“». Саляніка, інваліда другой групы, забрала «хуткая», ён у шпіталі.
4 ліпеня
Аляксей Туровіч — рэжысэра і аднаго з актыўных удзельнікаў пікетаваньня рэстарану ля Курапатаў затрымалі 4 ліпеня. У той жа дзень суд Менскага раёну арыштаваў яго на 10 сутак за абарону Курапатаў паводле двух артыкулаў КоАП — 17.1 («Хуліганства») і 23.34 ч. 1 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»).