Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіча западозрылі ў «парушэньні правілаў гандлю» за крыжы для Курапатаў, АБЭП прыехаў на вытворчасьць. ВІДЭА

абноўлена

Курапаты, архіўнае фота
Курапаты, архіўнае фота

Затрыманых «людзьмі ў цывільным» каля 9:45 Зьмітра Дашкевіча і Ягора Лаўрухіна, якія везьлі новыя крыжы ў мэмарыяльны комплекс Курапаты, вызвалілі каля 13:35 зь Ленінскага РУУС Менску без складаньня пратаколу — неўзабаве пасьля вызваленьня кіроўцы Валера Мінца.

Новыя шасьцімэтровыя крыжы, якія хацелі паставіць у народным мэмарыяле, канфіскавалі. Валер Мінец раней расказваў, што міліцыянты «пыталі нейкія дакумэнты, нібыта гэта прадмет гандлю, а не мэмарыяльныя крыжы».

Зьміцер Дашкевіч расказаў Свабодзе, што разбор праводзіцца паводле артыкулу аб «парушэньні правілаў гандлю і аказаньня паслуг насельніцтву» (арт. 12.17 КаАП).

На Дашкевіча і іншых затрыманых ня склалі пратаколаў, не далі ніякіх копіяў дакумэнтаў (толькі пратакол агляду машыны Мінцу). Паводле Дашкевіча, невядома нават, хто будзе займацца справай і каму несьці дакумэнты па крыжах. Праверка ў справе можа цягнуцца да 10 дзён з магчымым падаўжэньнем да 30 дзён.

«Гэта наогул ідыятызм, немагчыма вытлумачыць! — абураецца Дашкевіч. — Супрацоўнік АБЭП, які браў у мяне паказаньні, казаў, што індывідуальны прадпрымальнік, калі нешта вязе, павінен на ўсё мець дакумэнты. Запытваю, ці чалавек, які зарэгістраваны прадпрымальнікам, перастае быць фізычнай асобай і на ўсё мусіць мець дазвол? Кажуць, так.

Ня ведаю, якім чынам яны гэта апраўдаюць, бо артыкул завецца „парушэньне правілаў гандлю“, а крыжамі, натуральна, ніхто не зьбіраўся гандляваць, у іх ня можа быць пакупніка, вырабленыя яны намі за ўласныя грошы і на ахвяраваньні людзей. Заклікалі да сумленьня, каб крыжы вярнулі, але сказалі, што, паводле артыкулу, крыжы падлягаюць канфіскацыі. Калі нам выдадуць дакумэнт, што крыжы канфіскуюцца для зьнішчэньня, то нават для Беларусі гэта будзе нейкая новая вяха юрыспрудэнцыі».

Абноўлена: АБЭП прыехаў у цэх кампаніі «Цесьляры», дзе вырабляліся крыжы. Прадстаўнік АБЭП сьцьвярджае, што «вядзецца адміністрацыйны працэс», але падрабязнасьцей не раскрывае і дакумэнтаў аб справе не выдае, спрабуе забараніць відэаздымкі. Галоўны інжынэр кампаніі-ўладальніка памяшканьняў, якія здымаюць «Цесьляры», тлумачыць супрацоўніку АБЭП, што той знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства незаконна.

Устаноўка шасьцімэтровых крыжоў была заплянаваная на 10 гадзінаў раніцы 29 чэрвеня, апоўдні працягнулася штодзённая варта. У Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыедуць на адкрыцьцё мэмарыялу ахвяраў нацыстаў у Трасьцянцы, у тым ліку прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны. Мэмарыял (але ня акцыю пратэсту пад рэстарацыяй) удзень наведала польская дэлегацыя.​

Што адбываецца ў Курапатах пасьля затрыманьня Дашкевіча і грузавіка з крыжамі. ФОТА І ВІДЭА

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG