Улады Эгіпту правядуць расьсьледаваньне прычын разгромнага паражэньня нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце сьвету па футболе ў Расеі.
Як паведамляе «Аль-Арабія», парлямэнцкі камітэт па справах моладзі і спорту, у прыватнасьці, плянуе высьветліць, чаму трэніровачная база знаходзілася ў Грозным, удалечыні ад гарадоў, якія прымалі чэмпіянат.
Камісія, якая будзе праводзіць расьсьледаваньне, мае намер атрымаць адказ на пытаньне, чаму на базу і ў гатэль, дзе жылі эгіпэцкія футбалісты, дапусьцілі бізнэсоўцаў і артыстаў.
Дэпутаты эгіпэцкага парлямэнту таксама зьвярнулі ўвагу на ўдзел паўабаронца зборнай Махамэда Салаха ва ўрачыстай вячэры з Рамзанам Кадыравым і прысваеньні футбалісту званьня ганаровага грамадзяніна Чачні.
Раней CNN паведамляла, што Салах ня хоча, каб яго выкарыстоўвалі ў палітычных мэтах, і можа пакінуць зборную.
Каманда Эгіпту прайграла ўсе тры матчы — з Уругваем, Расеяй і Саудаўскай Аравіяй — і ня выйшла ў плэй-оф.